Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/28/762038/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:12
28.02.2015 13:27 Палітыка

Трохбаковая кантактная група на чарговай відэаканферэнцыі запатрабавала расследаваць факт абстрэлу ўкраінскага блокпаста, у выніку якога загінулі трое ваеннаслужачых

Мінск, 28 лютага. Удзельнікі трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе (Украіна — АБСЕ — Расія плюс сепаратысты) 27 лютага правялі трэцюю за апошнія тры дні відэаканферэнцыю.

Як паведаміла ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук" прэс-сакратар прадстаўніка Украіны Леаніда Кучмы Дар`я Оліфер, галоўнай тэмай размовы стала "неабходнасць як мага хутчэй забяспечыць поўнае спыненне агню і адвод цяжкіх гармат, як гэта і прадугледжваюць мінскія дамоўленасці ад 12 лютага".

Кучма (прэзідэнт краіны ў 1994—2005 гадах) звярнуў увагу прадстаўнікоў гэтак званых  ДНР і ЛНР на тое, што па Узброеных сілах Украіны працягваюць весціся абстрэлы. "Асаблівае абурэнне выклікаў абстрэл з танка па блокпасту ўкраінскіх ваенных каля Данецкага аэрапорта: трое загінулых, адзін паранены. Удзельнікі трохбаковай кантактнай групы звярнуліся ў Агульны цэнтр па кантролі і каардынацыі [пытанняў, звязаных з рэжымам спынення агню і стабілізацыяй абстаноўкі], каб яго прадстаўнікі ў кароткія тэрміны правялі ўсёабдымнае і непрадузятае расследаванне такой грубай правакацыі. У кантактнай групе чакаюць вынікаў гэтага расследавання ўжо сёння", — сказаў Кучма пасля сустрэчы.

Ён "чарговы раз заклікаў прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей выконваць мінскія дамоўленасці ў поўным аб`ёме, пачынаючы са спынення агню і адводу цяжкіх узбраенняў пад назіраннем місіі АБСЕ".

Кучма падкрэсліў, што са свайго боку Украіна будзе працягваць няўхільна прытрымлівацца мінскіх дамоўленасцей. Паводле яго слоў, пад кантролем АБСЕ ўкраінскія ваенныя ўжо адводзяць цяжкае ўзбраенне ад лініі сутыкнення.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН