Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/03/03/762551_762559/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:20
03.03.2015 15:24 Палітыка

Лукашэнка лічыць важным станоўчым сігналам стварэнне канстытуцыйнай камісіі ва Украіне

Мінск, 3 сакавіка. Лукашэнка лічыць станоўчым сігналам стварэнне канстытуцыйнай камісіі ва Украіне. Пра гэта ён заявіў на перамовах 3 сакавіка ў Маскве з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, паведамляе ТАСС

Лукашэнка ўзгадаў пра мінскую сустрэчу "нармандскай чацвёркі" 11—12 лютага. "Многія падколвалі, жартавалі, але мы перакананыя ў тым, што гэта сустрэча была патрэбная, і тыя рашэнні, якія былі прынятыя прэзідэнтамі, усе яны рэалізоўваюцца", — лічыць беларускі кіраўнік.

Ён спаслаўся на публікацыі СМІ пра тое, што Парашэнка падпісаў указ аб стварэнні канстытуцыйнай камісіі. "Гэта значыць пачынаецца прапрацоўка канстытуцыі, у межах гэтага працэсу можна вырашыць усе пытанні, гэта вялікі прарыў", — лічыць Лукашэнка.

Лукашэнка прыбыў у Маскву 3 сакавіка для ўдзелу ў пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Чакаецца, што па выніках пасяджэння будзе падпісаны шэраг дакументаў, у тым ліку тых, што рэгулююць адносіны ў міграцыйнай і сацыяльнай сферах.

У прыватнасці, плануецца падпісаць пагадненне аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў па спагнанні аліментаў, пагадненне аб узаемным прызнанні і парадку выканання рашэнняў аб адмове ва ўездзе на тэрыторыю дзяржаў — удзельніц СД, а таксама пагадненне аб парадку абмену звесткамі аб грамадзянах дзвюх краін, у дачыненні да якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд, і іншыя дакументы.

Нагадаем, першапачаткова пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета мелася прайсці ў снежні 2014 года, але яго перанеслі. 24 лютага Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам заявіў: "Праз некаторы час я станоўча ацэньваю той факт, што мы ўсё ж перанеслі пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. У нас быў і цяпер ёсць больш вольнага часу, каб падрыхтаваць парадак дня і вярнуцца да абмеркавання вельмі вострых і важных пытанняў, якія нам трэба сёння вырашаць у эканоміцы, палітыцы, дыпламатыі разам з Расіяй".

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН