Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/03/05/763136_763139/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2020 07:58
05.03.2015 19:05 Палітыка, Эканоміка

На Захадзе зразумелі, якую ролю Беларусь можа адыграць у еўрапейскай сістэме бяспекі, лічыць Лукашэнка

Мінск, 5 сакавіка. На Захадзе зразумелі, якую ролю Беларусь можа адыграць у еўрапейскай сістэме бяспекі. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка на сустрэчы з кіруючым складам органаў унутраных спраў, унутраных войскаў МУС і курсантамі факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі.

"Вы заўважылі, што апошнім часам вельмі высокага ўзроўню прадстаўнікі заходніх дзяржаў наведваюць Беларусь. Па-рознаму на гэта рэагуюць. Мяне больш за ўсё засмучае тое, што некаторыя кажуць: гэта Лукашэнку на карысць перад выбарамі і гэтак далей. Гэта абсалютна мяне не кранае. Галоўнае заключаецца ў тым, што гэта на карысць нашай дзяржаве. Нам выказваюць падзяку і Украіна, і Расія, і Захад", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

"Яны (прадстаўнікі краін Захаду) прыязджаюць да нас з вельмі прагматычнай мэтай. І я іх у гэтым плане падтрымліваю. Яны зараз зразумелі, што такое бяспека ў Еўропе, якую ролю Беларусь можа адыграць у гэтай сістэме бяспекі ў нашым агульнаеўрапейскім доме. Гэта еўрапейцы разумеюць, і яны гатовыя з намі супрацоўнічаць, у тым ліку і ў імя бяспекі ў Еўропе. Мы ім гаворым, што заўсёды для гэтага адкрытыя", — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь паслядоўна выступае за развіццё раўнапраўных і ўзаемавыгадных адносін з рознымі дзяржавамі. "Мы нікому не выстаўляем ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій, не ствараем ніякіх праблем у памежных зонах, з'яўляемся надзейным партнёрам у арганізацыі бяспекі, добрасуседства і супрацоўніцтва, выконваем узятыя абавязацельствы і міжнародныя пагадненні. Мы паважаем суверэнныя правы ўсіх народаў і такога ж стаўлення чакаем да сваёй краіны з боку іншых дзяржаў", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што эканамічная слабасць ператварае нацыю ў заложніцу міжнародных фінансавых арганізацый. Гэта адбываецца, калі бюджэтныя рэсурсы краіны не дазваляюць дзяржаве эфектыўна функцыянаваць, выконваць у поўнай меры сацыяльныя абавязацельствы. "Таму цяпер першараднай задачай урада і ўсіх органаў улады з'яўляецца ўздым эканомікі. Скажу дакладней — прамысловасці, літаральна некалькіх нашых гіганцкіх прадпрыемстваў", — адзначыў Лукашэнка.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239