Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/03/06/763209_763210/
Дата раздрукоўкі: 28.01.2020 17:53
06.03.2015 09:52 Палітыка

Парашэнка і Меркель абмеркавалі працяг і ўвядзенне новых санкцый у дачыненні да Расіі да поўнай імплементацыі мінскіх дамоўленасцяў

Мінск — Берлін, 6 сакавіка. "Укараненне далейшых санкцый у дачыненні да Расіі і іх працяг да поўнага выканання мінскіх дамоўленасцяў, уключаючы аднаўленне кантролю за ўкраінска-расійскай мяжой", абмеркавалі падчас тэлефоннай размовы вечарам 5 сакавіка прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і канцлер Германіі Ангела Меркель, паведаміла прэс-служба ўкраінскага кіраўніка.

Суразмоўцы падкрэслілі неабходнасць павелічэння колькасці назіральнікаў АБСЕ і паляпшэння тэхнічнай аснашчанасці місіі для паскарэння разгортвання назіральных пунктаў арганізацыі на лініі сутыкнення.

3 сакавіка паводле вынікаў сустрэчы з Еўракамісіяй у Бруселі Меркель заявіла, што зняцце санкцый з Расіі магчымае толькі пасля поўнай імплементацыі мінскіх дамоўленасцяў. "Дагэтуль рэжым спынення агню кволы, ён павінен стаць стабільным", — прыводзіць словы Меркель прэс-служба ўрада ФРГ. Як заявіла канцлер, калі ўхвалены ў Мінску комплекс мер, у тым ліку аднаўленне кантролю на ўкраінска-расійскай мяжы, не будзе рэалізаваны, Еўракамісія і Савет ЕС гатовы выпрацаваць і ўвесці новыя санкцыі. "Тэрытарыяльная цэласнасць Украіны будзе адноўленая толькі тады, калі ўкраінскія памежнікі зноў змогуць ахоўваць усю ўкраінска-расійскую мяжу", — заявіла Меркель.

Кіеў абвінавачвае Маскву ў тым, што цераз не падкантрольны яму ўчастак мяжы ў Данецкай і Луганскай абласцях з Расіі завозяць зброю і боепрыпасы для баевікоў.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН