Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/03/08/763525_763526/
Дата раздрукоўкі: 22.01.2020 15:24
08.03.2015 17:23 Палітыка

У найбліжэйшы час у Мінску можа адбыцца чарговая сустрэча трохбаковай кантактнай групы па Украіне

Мінск, 8 сакавіка. У найбліжэйшы час у Мінску можа адбыцца сустрэча трохбаковай кантактнай групы (Украіна — Расія — АБСЕ) па Украіне з удзелам данбаскіх сепаратыстаў. Аб магчымасці правядзення чарговага пасяджэння групы паведамілі прадстаўнікі бакоў канфлікту.

У прыватнасці, паводле інфармацыі ўкраінскага інтэрнэт-рэсурсу Gazeta.ua, прадстаўнік Кіева ў кантактнай групе Леанід Кучма 6 сакавіка заявіў: "Мы не выключаем верагоднасці такой сустрэчы, такая размова была, і сустрэчу планавалі. Усе ўдзельнікі перамоў згадзіліся з тым, што наспявае неабходнасць асабістай сустрэчы ў Мінску членаў трохбаковай кантактнай групы і прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей".

У сваю чаргу, прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) у кантактнай групе Дзяніс Пушылін 7 сакавіка заявіў: ДНР выступае за правядзенне вочнай сустрэчы кантактнай групы, "каб не сарваць працэс урэгулявання і надаць канструктыўны характар дзеянням па рэалізацыі комплексу мер па выкананні мінскіх пагадненняў". Паводле слоў Пушыліна, на гэтай сустрэчы ДНР прапаноўвае абмеркаваць праблемы абмену палоннымі і амністыі ўдзельнікаў канфлікту ў Данбасе, паведамляе Данецкае агенцтва навін.

Нагадаем, 12 лютага ў Мінску прайшлі шматгадзінныя перамовы ў фармаце "нармандскай чацвёркі" лідараў Украіны, Расіі, Францыі і Германіі. Паралельна ў Мінску праходзіла сустрэча трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. У выніку быў прыняты комплекс мер па выкананні мінскіх пагадненняў, падпісаных у верасні 2014 года. Дакумент складаецца з 13 пунктаў, ён прадугледжвае спыненне агню ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей, адвод цяжкіх узбраенняў ад лініі размежавання паміж канфліктуючымі бакамі, абмен палоннымі і шэраг іншых мер па доўгатэрміновым палітычным урэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

Пасля лютаўскай сустрэчы ў Мінску прадстаўнікі кантактнай групы працавалі ў рэжыме відэаканферэнцый. Апошняя відэаканферэнцыя адбылася 3 сакавіка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН