Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/03/16/765331_765332/
Дата раздрукоўкі: 22.01.2020 15:20
16.03.2015 22:47 Палітыка

Парашэнка: Альтэрнатывы Мінску не існуе

Мінск, 16 сакавіка. Усе бакі, якія падпісалі мінскія пагадненні, павінны прытрымлівацца сваіх абавязацельстваў, заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 16 сакавіка ў Берліне паводле вынікаў візіту ў Германію.

"Наша ясная і агульная пазіцыя: альтэрнатывы Мінску не існуе. Мінск павінен працаваць, і ўсе бакі павінны строга выконваць усе ўзятыя на сябе абавязацельствы, — цытуе ўкраінскага кіраўніка яго прэс-служба. — У сувязі з гэтым Украіна падкрэслівае: мы выконваем рэжым спынення агню. Мной як вярхоўным галоўнакамандуючым Узброеных сіл Украіны 15 лютага быў выдадзены загад аб усёабдымным і безумоўным спыненні агню. Вы памятаеце, што супраць Украіны былі праведзены магутныя наступальныя аперацыі, уключаючы Дэбальцава".

"У строга вызначаны тэрмін і паводле дакладна вызначанай працэдуры ў супрацоўніцтве са спецыяльнай маніторынгавай місіяй АБСЕ Украіна пачала адвод цяжкай тэхнікі і артылерыі, прадэманстраваўшы месцы, адкуль яна будзе выводзіцца, маршруты, па якіх мы будзем перамяшчацца, месцы, дзе яна будзе захоўвацца, і дакладныя серыйныя нумары артылерыі і цяжкай тэхнікі, якую мы адводзім. Надзвычай важна, каб працэдура была няўхільна выкананая", — зазначыў украінскі прэзідэнт.

Паводле слоў Парашэнкі, 14 сакавіка ён падаў у парламент праект пастановы, дзе "пацвярджаецца лінія, на якую будзе распаўсюджвацца дзеянне закона аб асаблівым рэжыме мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей". "Гэта адбылося на 30-ты дзень пасля падпісання нашых мінскіх пагадненняў у строгай адпаведнасці з гэтымі мінскімі пагадненнямі", — падкрэсліў ён.

На жаль, працягнуў прэзідэнт, Расія і баевікі, якіх яна падтрымлівае, не выконваюць у значнай ступені ўзятыя на сябе абавязацельствы. "Мы настойваем і падкрэсліваем, каб у выніку дакладных і эфектыўных скаардынаваных дзеянняў былі вернутыя да выканання ўзятых на сябе абавязацельстваў расійскі бок і баевікі, якія ім падтрымліваюцца", — заявіў Парашэнка.

Кіраўнік дзяржавы зазначыў, што выкананнем мінскіх дамоўленасцяў з'яўляецца ўстанаўленне кантролю над украінска-расійскай мяжой, вывад усіх замежных войскаў, вызваленне заложнікаў і нармалізацыя гуманітарнай сітуацыі.

Канцлер Германіі Ангела Меркель падкрэсліла, што робіцца ўсё магчымае, каб мірным шляхам забяспечыць павагу да суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. "Гэта ўключае і Крым, і Данбаскі рэгіён, — сказала яна. — Калі будуць грубыя парушэнні, санкцыі супраць Расіі будуць узмоцненыя".

Паводле слоў канцлера, на пасяджэнні Савета ЕС будзе абмеркаванае пытанне, чым Еўрапейскі саюз можа дапамагчы для іх увасаблення ў жыццё.

У сваю чаргу Парашэнка заявіў, што паказчыкам для адмены або ўзмацнення санкцый павінна быць выкананне мінскіх пагадненняў. "Не Марыупаль з'яўляецца індыкатарам для пашырэння санкцый, а дакладнае і няўхільнае выкананне мінскіх пагадненняў. Калі яны выконваюцца — санкцый няма", — сказаў ён. Пры гэтым магчымая толькі частковая адмена санкцый, бо астатнія звязаныя з анексіяй Крыма.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН