Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/03/30/768142_768143/
Дата раздрукоўкі: 06.06.2020 13:52
30.03.2015 22:25 Палітыка

Кучма: Цяжкасці пры рэалізацыі мінскіх дамоўленасцяў звязаныя з пазіцыяй Расіі

Мінск, 30 сакавіка. Цяжкасці пры рэалізацыі мінскіх дамоўленасцяў звязаныя з пазіцыяй Расіі, заявіў прадстаўнік Кіева на перамовах, былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма ў інтэрв'ю кітайскаму тэлебачанню CCTV.

"Галоўная цяжкасць адна і залежыць толькі ад аднаго боку — не ад Украіны, не ад так званых ДНР і ЛНР, не ад сусветнай супольнасці, а ад расійскага боку. Быць ці не быць міру ва Украіне — гэта ўсё вырашаецца ў Крамлі", — сказаў Кучма, словы якога прыводзіць яго прэс-служба.

"Сёння я часта кажу, што ўсё залежыць ад Бога, але Бог далёка, і не ўсе прызнаюць яго існаванне, ніяк да яго не дапросімся, — і ад спадара Пуціна. Таму ўсё залежыць ад таго, як Масква будзе далей глядзець на развіццё падзей ва Украіне", — зазначыў палітык.

"Пакуль мы не бачым, каб яна хацела міру, — заявіў ён. — Тыя ўмовы, якія сёння выстаўляюцца, непрымальныя для ўкраінскага боку. Мы не хочам сёння мець побач яшчэ адзін ачаг напружанасці па прыкладзе таго ж Прыднястроўя, Абхазіі ці Паўднёвай Асеціі. Усё пытанне ў тым, што і ў Еўрапейскага саюза, і ў тых лідараў, якія далі згоду на падпісанне дакумента ў Мінску, — я маю на ўвазе спадарыню Меркель і спадара Аланда — ніякіх сумненняў у гэтым плане няма. Яны сёння выступаюць за такое мірнае вырашэнне праблемы. Адзіная сёння магчымасць — гэта каб сусветная супольнасць патрабавала ад расійскага боку выразнага выканання гэтых дамоўленасцяў".

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239