Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/04/10/770282_770287/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:34
10.04.2015 13:01 Грамадства

Колькасць грамадзян Украіны, афіцыйна зарэгістраваных у Мінску, павялічылася амаль удвая

Мінск, 10 красавіка. У сувязі з падзеямі ва Украіне колькасць грамадзян, якія прыбываюць у Мінск, павялічваецца. Сёння ў органах унутраных спраў беларускай сталіцы на ўліку стаіць 9.209 украінскіх грамадзян — амаль удвая больш, чым летась. Пра гэта ў інтэрв'ю на сайце мінскай міліцыі паведаміў начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Дарашчонак.

У 2012 годзе на ўліку ў сталічнай міліцыі стаялі 3.624 грамадзяніны Украіны, у 2013-м — 4.120, у 2014-м — 4.773.

З хадайніцтвам пра абарону на тэрыторыі Беларусі звярнулася больш за 170 чалавек, сёлета — 52 грамадзяніны, пры гэтым штодня па кансультацыю па пытаннях атрымання дадатковай абароны ва ўпраўленне звяртаецца больш за 20 чалавек. Ад беларускіх арганізацый прынята 1.167 хадайніцтваў у дачыненні да ўказанай катэгорыі замежнікаў пра атрыманне спецыяльных дазволаў на права ажыццяўлення працоўнай дзейнасці ў рэспубліцы.

Як зазначыў міліцэйскі чыноўнік, не ўсе грамадзяне Украіны, якія прыехалі, законапаслухмяныя. З пачатку гэтага года зарэгістравана 11 злачынстваў, учыненых імі, хоць за аналагічны перыяд 2014 года было толькі адно.

26 сакавіка Заводскім РУУС Мінска распачатая справа на падставе арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) у дачыненні да грамадзянкі Украіны, якая пастаянна пражывае на тэрыторыі Беларусі. Яна, з'яўляючыся намеснікам галоўнага бухгалтара ўнітарнага прадпрыемства, па месцы працы, дзейнічаючы групай асоб па папярэдняй змове, шляхам пераліку грашовых сродкаў на свой карт-рахунак завалодала амаль 14 млн. рублёў.

Справа паводле арт. 147 КК распачатая ў дачыненні да грамадзяніна Украіны, які часова пражывае ў рэспубліцы, які ў выніку раптам распачатай сваркі прычыніў цяжкія цялесныя пашкоджанні грамадзяніну Беларусі.

8 красавіка распачатая справа паводле арт. 228 КК (кантрабанда) у дачыненні да грамадзяніна Украіны, які часова знаходзіўся ў Беларусі, за збыт наркотыкаў. Ён перавёз праз мытную мяжу прыблізна 40 г марыхуаны.

Найболей распаўсюджаныя злачынствы, учыненыя грамадзянамі Украіны, — дробны крадзеж, хуліганства, распіванне алкагольных напояў, прастытуцыя. У 2014 годзе за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення да адказнасці былі прыцягнутыя 20 грамадзян Украіны. З пачатку гэтага года — пяць. Пасля прыцягнення апошніх да адміністрацыйнай адказнасці і аплаты штрафу разглядалася пытанне пра мэтазгоднасць іх знаходжання або ажыццяўленне высылкі. З пяці прыцягнутых грамадзян сёлета ў дачыненні да трох прынятыя рашэнні пра высылку з краіны.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН