Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/04/22/772260_772261/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 09:57
22.04.2015 11:19 Палітыка

МЗС Украіны: Расія не выканала ніводнага пункта мінскіх пагадненняў

Мінск, 22 красавіка. Расія не выканала ніводнага пункта мінскіх пагадненняў, заявіў прэс-сакратар МЗС Украіны Яўген Перабійніс на брыфінгу 21 красавіка ў Кіеве.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба ведамства, апошнімі днямі расійскія чыноўнікі рознага ўзроўню сцвярджаюць, што дамоўленасці не выконвае ўкраінскі бок. "Ніводнае з гэтых сцвярджэнняў не падмацаванае фактамі, яны з`яўляюцца галаслоўнай рыторыкай, разлічанай выключна на падтрыманне антыўкраінскай істэрыі ў расійскім грамадстве", — сказаў Перабійніс.

Дыпламат прывёў пяць тэзісаў, якія, на яго думку, дазваляюць гаварыць пра невыкананне Расіяй дасягнутых у Мінску дамоўленасцей.

"Расійскія ваенныя і найміты ніводнага дня не спынялі агонь. Дабальцава і Шырокіна — найлепшыя гэтаму доказы. З 15 лютага (дата ўвядзення рэжыму спынення агню. — БелаПАН.) маем 2.555 зафіксаваных абстрэлаў і атак, <…> 243 параненых. Пад абстрэламі баевікоў за час т. з. перамір`я загінула 65 украінскіх воінаў", — адзначыў прэс-сакратар.

"Расія і незаконныя ўзброеныя фарміраванні (НУФ) не адводзяць тэхніку, а заявы расійскага боку не пацвярджаюцца АБСЕ, — сказаў Перабійніс. — Расія і баевікі не даюць эфектыўна працаваць місіям АБСЕ. Прадстаўнікам СМІ (спецыяльнай маніторынгавай місіі. — БелаПАН.) АБСЕ адмоўлена ў свабодным доступе на захопленыя расійскімі НУФ тэрыторыі. Расія абмежавала маніторынг мяжы з боку АБСЕ толькі двума сваімі пунктамі пропуску".

Акрамя таго, працягнуў прэс-сакратар, замест вывядзення расійскіх войскаў з тэрыторыі Украіны адбываецца далейшае перакідванне ў краіне расійскай арміі і ўзбраення, у тым ліку "Цюльпанаў", "Акацый", "Панцыраў", "Бурацінаў" і іншай смяротнай тэхнікі.

"Нарэшце, Расія працягвае пасылаць ва Украіну канвоі грузавікоў з невядомым змесцівам. З часу ўхвалы Расіяй комплексу мер (па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе. — БелаПАН.), адным ў пунктаў якога з`яўляецца аказанне гуманітарнай дапамогі па міжнародным механізме, Масква накіравала 11 (з 24) т. з. канвояў. Ні разу Расія не прытрымлівалася агульнапрызнаных міжнародных патрабаванняў", — заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС.

"Таму яшчэ раз паўтараю: Расія не выканала ніводнага пункта мінскіх дамоўленасцяў. Наадварот, яе рэальныя дзеянні скіраваныя на зрыў гэтых дамоўленасцяў і працяг агрэсіі супраць Украіны", — сказаў Перабійніс.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН