Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/04/23/772555_772556/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:04
23.04.2015 09:48 Палітыка

Лаўроў: Мінскія дамоўленасці — і вераснёўскія, і лютаўскія — прамы рэзультат ініцыятыў Пуціна па выніках яго размовы з Парашэнкам

Мінск, 23 красавіка. "Не хачу хваліць нашы дзеянні па Украіне, але мінскія дамоўленасці — і вераснёўскія, і лютаўскія, якія сталі цяпер галоўнымі, — прамы рэзультат ініцыятыў прэзідэнта Расіі Пуціна па выніках яго размовы з прэзідэнтам Украіны Парашэнкам". Такую заяву зрабіў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў у інтэрв'ю радыёстанцыям "Спутник", "Эхо Москвы" і "Говорит Москва" 22 красавіка.

"Каб захаваць гэтую краіну стабільнай, дружалюбнай у дачыненні да Расіі і Еўропы, ні ў якім выпадку нельга раздзіраць яе на часткі. А для гэтага трэба адмовіцца ад упёртасці ў дачыненні да абавязковага захавання Украіны ўнітарнай, аб чым заяўляюць прэзідэнт Парашэнка і міністры гэтай краіны, ад таго, што яны называюць "украінізацыяй" — яны пагражаюць усіх "украінізаваць", маючы на ўвазе ў тым ліку ДНР і ЛНР. Менавіта для таго, каб гэтага не адбывалася, каб Украіна засталася адзінай і не было спроб усіх загнаць у адно "пракрустава ложа" нацыяналістычнай ідэалогіі, мы дабіваліся і ў выніку дабіліся заключэння мінскіх пагадненняў", — сказаў Лаўроў.

"Там, — прадоўжыў ён, — запісана, што неабходна правесці дэцэнтралізацыю, ажыццявіць канстытуцыйную рэформу з удзелам і па ўзгадненні з ДНР і ЛНР. У нашых інтарэсах не расцягваць Украіну, а захаваць яе нейтральнай, перш за ўсё ў ваенна-палітычным сэнсе. Мы ж усе цудоўна разумеем, што раскол краіны азначае толькі адно: тут жа з заходняга боку (еўрапейскага і натаўскага) будуць зроблены спробы зрабіць Украіну антырасійскай. Яшчэ раз падкрэслю, мы хочам бачыць гэтую краіну адзінай. Але для гэтага Кіеў павінен выканаць свае абавязацельствы па дэцэнтралізацыі, канстытуцыйнай рэформе".

21 красавіка афіцыйны прадстаўнік МЗС Украіны Яўген Перабійніс заявіў, што Расія не выканала ніводнага пункта мінскіх дамоўленасцей.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН