Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/04/25/773178_773179/
Дата раздрукоўкі: 02.03.2021 16:10
25.04.2015 16:49 Палітыка

Сур'ёзна пазмагацца за перамогу на выбарах дэмакратычнаму кандыдату не ўдасца, лічыць лідар Партыі БНФ

Мінск, 25 красавіка. Сур'ёзна пазмагацца за перамогу на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года дэмакратычнаму кандыдату нерэальна, заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 25 красавіка на сойме арганізацыі.
Ён адзначыў: партыя першапачаткова імкнулася да таго, што апазіцыя здолее дамовіцца аб вылучэнні адзінага кандыдата. Аднак гэтага не ўдалося дасягнуць у межах усіх дэмакратычных сіл. Таксама вельмі верагодным мог быць зрыў перамоў у рамках кааліцыі "Народны рэферэндум", заявіў ён.

Янукевіч лічыць больш прымальнай для партыі ў межах "Народнага рэферэндуму" кандыдатуру старшыні руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча. Аднак апошні вырашыў адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Лідар Партыі БНФ адзначыў, што ў рамках кааліцыі прапанавалі дзве кандыдатуры — намесніка старшыні партыі Рыгора Кастусёва і актывісткі кампаніі "Гавары праўду" Таццяны Караткевіч.

"Мы доўга абмяркоўвалі як плюсы, так і мінусы гэтых прэтэндэнтаў, і гэтыя перамовы таксама рызыкавалі скончыцца нічым. Таму мы вырашылі згадзіцца падтрымаць Караткевіч пры вылучэнні кандыдатам, каб прадэманстраваць здольнасць дамаўляцца. У сённяшняй сітуацыі дэманстрацыя адэкватнасці і правядзення сумеснай кампаніі хаця б часткай апазіцыі больш выгадная", — сказаў ён.

Янукевіч лічыць, што зараз у Аляксандра Лукашэнкі вельмі вялікія шансы ўтрымаць уладу. "У беларускага рэжыму дастаткова рычагоў, каб проста трымаць людзей у пасіўным стане для перамогі на выбарах. Для гэтага ім нават не трэба накручваць рэйтынг Лукашэнкі", — сказаў ён.

Палітык лічыць, што перамога альтэрнатыўнага кандыдата запатрабавала б у тым ліку заклікаў да пратэстных дзеянняў на вуліцах. Ён адзначыў, што ўзровень пратэстных настрояў у беларускім грамадстве не вельмі высокі, у тым ліку і ў сувязі з падзеямі ва Украіне. Пры гэтым Янукевіч мяркуе, што сёння дэстабілізацыя ў краіне была б "на руку Маскве". "Менавіта Крэмль мог бы скарыстаць дэстабілізацыю сітуацыі з большай доляй верагоднасці, чым апазіцыйныя сілы", — падкрэсліў Янукевіч.

Асноўнай мэтай дзейнасці Партыі БНФ на прэзідэнцкіх выбарах Янукевіч лічыць павелічэнне прыхільнікаў незалежнасці Беларусі. "У сваёй працы нам неабходна акцэнтавацца на ўзмацненні нацыянальна-дэмакратычнага руху, узмацніць антыімперскія настроі ў краіне. Такая праца рана ці позна павінна выліцца ў павелічэнне перспектыў незалежнай і еўрапейскай Беларусі", — сказаў ён.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239