Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/04/26/773198_773199/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 09:56
26.04.2015 12:11 Палітыка, Грамадства

Прэзідэнт Украіны мае намер адклікаць пасла Ежаля з Мінска

Мінск, 25 красавіка. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прыняў рашэнне адклікаць пасла ў Беларусі Міхаіла Ежаля.

"Пасол прадстаўляе дзяржаву Украіна. Мною прынята рашэнне аб яго адкліканні, і зараз афармляюцца адпаведныя дакументы для прадстаўлення новага агрэмана (пасла)", — заявіў Парашэнка 25 красавіка ў Нікалаеўскай вобласці, паведамляюць украінскія СМІ.

Паводле слоў прэзідэнта, у фармаце мінскіх дамоўленасцяў сталіца Беларусі адыгрывае важную ролю ў рэалізацыі знешняй абароннай палітыкі і палітыкі бяспекі. "Я павінен улічваць гэту ролю для таго, каб забяспечваць пастаянную прысутнасць Украіны ў Мінску", — сказаў ён.

Нагадаем, Міхаіл Ежаль быў прызначаны паслом у Беларусі 3 красавіка 2013 года ўказам Віктара Януковіча, які тады быў прэзідэнтам Украіны. Дагэтуль займаў пасаду саветніка прэзідэнта Украіны, у 2010—2012 гадах быў міністрам абороны, яшчэ раней — галоўнакамандуючым Ваенна-марскімі сіламі Узброеных сіл Украіны.

20 сакавіка 2015 года першы намеснік кіраўніка МЗС Украіны Наталля Галібарэнка заявіла ў Вярхоўнай радзе, што звальненне і прызначэнне паслоў ажыццяўляецца ўказам прэзідэнта. "З боку Міністэрства замежных спраў была ўнесеная адпаведная прапанова аб адкліканні дзейнага пасла Ежаля з пасады", — сказала яна, падкрэсліўшы, што новы пасол павінен быць патрыётам, прафесіяналам і найлепшым чынам выкладаць інтарэсы Украіны ў Беларусі. Галібарэнка запэўніла, што разгляд гэтага пытання будзе паскораны.

24 красавіка з'явілася інфармацыя, што Ежаль абвінавачваецца ў нанясенні дзяржаве ўрону на суму больш за 42 млн. грыўнаў (5,3 млн. долараў ЗША на момант падзеі; цяпер — каля 2 млн. долараў). Гэта вынікала з адказу Генеральнай пракуратуры Украіны на запыт дэпутата Вярхоўнай рады, кіраўніка аналітычнай групы "Інфармацыйнае супраціўленне" Дзмітрыя Тымчука. Скан дакумента парламентарый размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Фейсбук".

Эпізод адносіцца да красавіка 2011 года — лютага 2012 года, калі Ежаль быў міністрам абароны пры прэзідэнце Віктару Януковічу. Дасудовае расследаванне, якое вядзе галоўная ваенная пракуратура Генеральнай пракуратуры, устанавіла, што Ежаль, "злоўжываючы ўладай і службовым становішчам, выдаў насуперак патрабаванням заканадаўства асобныя даручэнні, на падставе якіх за кошт дзяржаўнага бюджэту аплачаны камунальныя паслугі і энерганосьбіты, спажытыя прыватнымі суб'ектамі гаспадарання, у выніку чаго дзяржаве нанесены ўрон на агульную суму больш за 42 млн. грыўнаў".

8 жніўня 2014 года Ежалю было аб'яўлена аб падазрэнні ва ўчыненні крымінальнага правапарушэння. "У той жа час завяршэнню дасудовага следства перашкаджае той факт, што 9 жніўня 2014 года Ежаль М.Б. выехаў у Рэспубліку Беларусь, пасля чаго на тэрыторыю Украіны не вяртаўся", — гаворыцца ў лісце Генпракуратуры. Са жніўня 2014 года Ежаль "сістэматычна выклікаецца да следчага праз Міністэрства замежных спраў Украіны для правядзення з ім следчых і іншых працэсуальных дзеянняў". Паводле інфармацыі МЗС краіны, з 10 жніўня пасол "знаходзіцца на лячэнні ў ваенным шпіталі ў горадзе Мінску, у сувязі з чым прыбыць ва Украіну не можа".

"З мэтай праверкі гэтай інфармацыі Генеральнай пракуратурай Украіны ў лютым 2015 года накіраваны запыт аб аказанні міжнароднай прававой дапамогі кампетэнтным органам Рэспублікі Беларусь у атрыманні інфармацыі аб знаходжанні Ежаля М.Б. на лячэнні ў медыцынскіх установах гэтай краіны і вызначэнні стану яго здароўя. Аднак у атрыманні запытанай інфармацыі Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь адмовіла", — адзначаецца ў лісце.

"Гэта ўжо нейкая фантасмагорыя, — каментуе адказ Генпракуратуры Тымчук. — Як вынікае з адказу Генпракуратуры, далейшаму ходу следства перашкаджае тое, што спадар Ежаль… уцёк з Украіны… Але ж Ежаль не хаваецца ў трэцясортнай закусачнай у Таронта ў ролі пасудамыйшчыка — незаконнага мігранта. І не зарабляе ў поце твару хлеб надзённы на рысавых плантацыях у Паўднёвым Кітаі, хаваючыся падчас аблаў ад мясцовай паліцыі ў кучы аслінага гною. Зусім не. Ён цудоўна сябе адчувае, горда раз'язджаючы па Мінску ў ролі цэлага пасла, пры гальштуку і запанках. Яму ціснуць руку паважаныя людзі, у тым ліку ўкраінскія высокія чыноўнікі, што прыбываюць у Мінск. Што ж гэта, каб яго чорт узяў, за "ўцякач" такі? Як вынікае з адказу ГПУ, на ўсе запыты пракуратуры наконт выкліку спадара Ежаля ва Украіну ў МЗС Украіны адказваюць, што ён, небарака, з 10 жніўня мінулага года… хварэе. Такі вось хваравіты ў нас пасол, што зробіш. Пры гэтым не проста хварэе, а знаходзіцца на лячэнні ў беларускім ваенным шпіталі (дарэчы, чаму ваенным? Ежаль у нас хіба ваенны аташэ? Хоць калі б нават і быў аташэ — прычым тут замежны ваенны шпіталь, калі гаворка ідзе пра дыпламата?)".

"Але анекдот у тым, што на сайце самога МЗС Украіны ўвесь час з'яўляюцца паведамленні аб вельмі бурнай дзейнасці пасла Ежаля ў Мінску… А ў лютым гэтага года спадар Ежаль нават удзельнічаў у мерапрыемствах па ўшанаванні памяці Герояў Нябеснай Сотні, што выглядае як мінімум цынічным… Увогуле, у МЗС, як мы бачым, не проста пакрываюць розных сумніўных асоб часоў Януковіча. Тут адкрыта забяспечваюць прыстанішча ад справядлівага пакарання высокім чыноўнікам ранейшай улады. Тым, над якімі занесены меч правасуддзя, але якія ад гэтага не адчуваюць сябе менш камфортна, жывучы за кошт украінскага дзяржбюджэту і нават карыстаючыся дыпламатычным статусам", — напісаў дэпутат Тымчук.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН