Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/04/28/773686_773687/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:01
28.04.2015 09:20 Палітыка

Пуцін змяніў свайго спецпрадстаўніка ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе

Мінск, 28 красавіка. Расія змяніла свайго прадстаўніка ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе. Замест пасла ў Кіеве Міхаіла Зурабава ў групе будзе працаваць пасол па асаблівых даручэннях Азамат Кульмухаметаў. Адпаведнае распараджэнне падпісаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, паведаміла 27 красавіка прэс-служба Крамля.

У гэты ж дзень з ініцыятывы расійскага боку адбылася тэлефонная гутарка паміж міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым і кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Украіны Паўлам Клімкіным. "Абмяркоўваліся актуальныя пытанні рэалізацыі комплексу мер па выкананні мінскіх пагадненняў ад 12 лютага 2015 года, уключаючы неабходнасць найхутчэйшага фарміравання рабочых падгруп кантактнай групы з удзелам Расіі, Украіны, Данецка, Луганска і АБСЕ. С.Лаўроў інфармаваў аб прызначэнні новага прадстаўніка Расіі ў кантактнай групе — пасла па асаблівых даручэннях МЗС А.Кульмухаметава. Асаблівая ўвага была нададзеная цяжкай гуманітарнай сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, шляхам яе пераадолення, уключаючы аказанне дапамогі насельніцтву рэгіёну", — паведаміла МЗС РФ паводле вынікаў гутаркі.

Шасцідзесяцідвухгадовы Кульмухаметаў раней спецыялізаваўся на арабскіх краінах: быў паслом Расіі ў Кувейце (2003—2008) і Сірыі (2011—2014), саветнікам пасольства ў Іарданіі (1993—1998). У савецкія часы працаваў у пасольствах Сірыі (1978—1981) і Егіпта (1987—1988). Займаў пасаду намесніка дырэктара дэпартамента Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі МЗС РФ. Удзельнічаў ва ўрэгуляванні цяперашняга сірыйскага канфлікту.

У трохбаковую кантактную групу афіцыйна ўваходзяць прадстаўнікі Украіны (былы прэзідэнт Леанід Кучма), АБСЕ (пасол Хайдзі Тальявіні) і Расіі. Неафіцыйна — прадстаўнікі данецкіх і луганскіх сепаратыстаў, на перамовах у Мінску (апошнія адбыліся 11—12 лютага паралельна з самітам "нармандскай чацвёркі") гэта былі Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дзяйнега.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН