Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/04/29/774299_774302/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:47
29.04.2015 23:05 Палітыка

Трохбаковая кантактная група больш як пяць з паловай гадзін абмяркоўвала ключавыя пункты мінскіх дамоўленасцяў

Мінск, 29 красавіка. 5 гадзін 40 хвілін працягвалася 29 красавіка відэаканферэнцыя ўдзельнікаў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе (Украіна — АБСЕ — Расія) з прадстаўнікамі данецкіх і луганскіх сепаратыстаў. Гэта прыкладна ўдвая больш чым звычайна, паведаміла па выніках перамоў прэс-служба прадстаўніка Кіева, былога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы.

Упершыню ў працы групы ўзяў удзел новы прадстаўнік Расіі — пасол па асаблівых даручэннях Азамат Кульмухаметаў, які змяніў пасла РФ у Кіеве Міхаіла Зурабава.

"Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі ключавыя пункты мінскіх дамоўленасцяў — спыненне агню, адвод цяжкіх відаў узбраення, вызваленне асоб, якія ўтрымліваюцца незаконна. Апрача таго, размова ішла аб пастаўках украінскай і міжнароднай гуманітарнай дапамогі ў Данецк і Луганск, а таксама аб дээскалацыі сітуацыі ў Шырокіна і прапанове ўкраінскага боку аб адводзе танкаў, гармат, мінамётаў калібрам меншым за 100 мм", — гаворыцца ў паведамленні.

Украінскі бок "заклікае як мага хутчэй пачаць працу падгруп па пытаннях бяспекі, палітычных, эканамічных і гуманітарных складніках мінскага пагаднення". Праца гэтых падгруп "павінна ажыццяўляцца пад кіраўніцтвам АБСЕ пры ўдзеле міжнародных арганізацый".

Наступная відэаканферэнцыя адбудзецца "ў хуткім часе".

Між тым прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка паведаміў, што згодна з наяўнай інфармацыяй сепаратысты маюць намер аднавіць актыўныя баявыя дзеянні ў другой палове мая, а паводле слоў сакратара Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксандра Турчынава, баі могуць пачацца ўжо пасля майскіх святаў.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН