Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/04/29/eu_eu_774091_774110/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:38
29.04.2015 14:56 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Лукашэнка: Амерыканцы і еўрапейцы прызналі найважнейшую функцыю Беларусі па арганізацыі бяспекі ў рэгіёне

Мінск, 29 красавіка. "І амерыканцы, і еўрапейцы прызналі, што Беларусь сёння адыгрывае адну з найважнейшых функцый у рэгіёне па арганізацыі бяспекі", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта праўда, гэта справядліва. Нам прынцыпова важна ўмацоўваць у нашых партнёраў меркаванне, што прадказальная і стабільная Беларусь — гэта каштоўнасць для ўсяго свету", — заявіў ён, выступаючы 29 красавіка са штогадовым пасланнем да беларускага народа і парламента.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь праводзіць паслядоўную міжнародную палітыку. "Менавіта таму яна стала найбольш прыдатнай пляцоўкай для апошніх перамоў па Украіне. Актыўнасць адносна мірнага ўрэгулявання канфлікту спрыяе далейшаму ўмацаванню міжнародных пазіцый Беларусі", — зазначыў ён.

Беларусь выступае "за адмену ўсялякага роду санкцый і абмежаванняў у міжнародным супрацоўніцтве". "Наадварот, са свайго боку мы заўсёды гатовы падставіць плячо суседу ў цяжкую хвіліну для яго. І ад нашых партнёраў чакаем паважлівага стаўлення, пазбаўленага прававога нігілізму і санкцыйнага націску", — падкрэсліў ён.

"Беларусь — гэта надзейнае звяно, якое звязвае Усход і Захад. Пра гэта сведчыць шматвектарнасць знешнепалітычнага курсу Беларусі, накіраванага на развіццё ўзаемавыгадных адносінаў з рознымі краінамі свету", — заявіў Лукашэнка.

"Стратэгічная мэта беларускай знешняй палітыкі — стварэнне аптымальнага балансу нашых інтарэсаў паміж рознымі цэнтрамі сілы, выбудоўванне раўнапраўнага ўзаемадзеяння з вядучымі гульцамі на міжнароднай арэне. Асабліва важна, што развіццё кожнага вектара палітыкі адбываецца не ва ўрон, а ў дапаўненне да адносінаў з іншымі ключавымі партнёрамі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН