Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/05/04/774887_774906/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 09:57
04.05.2015 14:59 Палітыка

Прадстаўнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР атрымалі запрашэнні на пасяджэнне кантактнай групы па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне 6 мая ў Мінску

Мінск, 4 мая. Прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік атрымалі запрашэнні ўзяць удзел у пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы (Украіна — АБСЕ — Расія) па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне, якое плануецца 6 мая ў Мінску.

"Мы атрымалі запрашэнне на пасяджэнне кантактнай групы 6 мая ў Мінск. Будуць абмяркоўвацца пытанні працы тэматычных падгруп", — паведаміў БелаПАН прадстаўнік ДНР Дзяніс Пушылін.

Аналагічнае запрашэнне атрымаў прадстаўнік ЛНР Уладзіслаў Дзяйнега, паведамляе Луганскі інфармацыйны цэнтр.  

Дар'я Оліфер, прэс-сакратар Леаніда Кучмы, прадстаўніка Украіны ў кантактнай групе, паведаміла ў "Фэйсбуку", што 5 мая пройдзе рабочая сустрэча ўдзельнікаў трохбаковай кантактнай групы Хайдзі Тальявіні (АБСЕ), Леаніда Кучмы і Азамата Кульмухаметава (пасол па асаблівых даручэннях Кульмухаметаў зараз прадстаўляе Расію замест пасла РФ у Кіеве Міхаіла Зурабава). "Плануецца таксама, што 6 мая ў Мінску адбудзецца сустрэча ўдзельнікаў кантактнай групы з прадстаўнікамі ДНР і ЛНР", — дадала яна.

Як паведамлялася раней, 30 красавіка трохбаковая кантактная група больш за пяць з паловай гадзін абмяркоўвала ў фармаце скайп-канферэнцыі з прадстаўнікамі сепаратыстаў асноўныя пункты мінскіх пагадненняў: спыненне агню, адвод цяжкіх відаў узбраення, вызваленне асоб, якія незаконна ўтрымліваюцца.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН