Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/05/06/775350_775355/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 09:55
06.05.2015 12:29 Палітыка

МЗС Беларусі пацвердзіла інфармацыю пра сённяшнюю сустрэчу кантактнай групы па Украіне ў Мінску

Мінск, 6 мая. Міністэрства замежных спраў Беларусі пацвердзіла інфармацыю пра сённяшнюю сустрэчу ў Мінску трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе ў фармаце Украіна — АБСЕ — Расія з удзелам сепаратыстаў.

Сустрэча адбудзецца ў другой палове дня 6 мая ў "Прэзідэнт-Гатэлі" ў закрытым фармаце, паведамляе прэс-служба МЗС. Зазначаецца таксама, што "на гэты момант спецыяльных мерапрыемстваў для СМІ не плануецца".

Напярэдадні, 5 мая, адбылася рабочая сустрэча трохбаковай кантактнай групы з удзелам Леаніда Кучмы (Украіна), Хайдзі Тальявіні (АБСЕ) і пасла па асаблівых даручэннях Азамата Кульмухаметава (Расія), які нядаўна змяніў у групе пасла РФ ва Украіне Міхаіла Зурабава. 

У гэты ж дзень Дар'я Оліфер, прэс-сакратар Кучмы, на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" паведаміла, што асноўная задача мінскай сустрэчы — запусціць працу падгруп па бяспецы, палітычных, эканамічных і гуманітарных складніках мінскага пагаднення. "Каардынатарамі гэтых падгруп будуць прадстаўнікі АБСЕ", — зазначыла яна. Оліфер таксама паведамляла, што сустрэчу ў Мінску плануецца пачаць у 14.00.

Нагадаем, папярэдняя сустрэча трохбаковай кантактнай групы з удзелам сепаратыстаў праходзіла ў Мінску 11 і 12 лютага паралельна з сустрэчай "нармандскай чацвёркі" — прэзідэнтаў Украіны, Францыі і Расіі, а таксама канцлера Германіі. На ёй была дасягнута дамоўленасць аб спыненні агню з 00.00 15 лютага, а таксама аб вывадзе замежных войскаў з украінскай тэрыторыі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН