Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/05/06/775534_775535/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:50
06.05.2015 19:06 Палітыка

Кантактная група па Украіне дамовілася аб запуску чатырох рабочых падгруп

Мінск, 6 мая. Удзельнікі перамоў па Украіне дамовіліся ў Мінску аб запуску чатырох рабочых падгруп у межах кантактнай групы. Аб гэтым паведаміла журналістам прадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні.
Перамовы 6 мая доўжыліся больш за чатыры гадзіны. Як адзначыла паводле іх вынікаў Тальявіні, стварэнне рабочых падгруп прадугледжана мінскімі пагадненнямі ад 12 лютага 2015 года. "Мы сабраліся ў Мінску для запуску рабочых падгруп па бяспецы, палітычных пытаннях, пытаннях бежанцаў і гуманітарнай дапамозе, па эканамічных пытаннях, — сказала прадстаўнік АБСЕ. — Сёння падгрупы першы раз сустрэліся, абмяркоўваўся парадак дня наступных сустрэч".

Паводле яе слоў, каардынатары гэтых падгруп ад АБСЕ праінфармавалі членаў трохбаковай кантактнай групы аб першых выніках сустрэчы. "Работа прайшла ў канструктыўным ключы, — падкрэсліла Тальявіні. — Заклалі асновы для магчымасці ўрэгулявання ўсіх пытанняў за сталом перамоў".

Прадстаўнік Украіны ў трохбаковай кантактнай групе Леанід Кучма паведаміў, што сустрэча прайшла "ў цёплай, дружалюбнай абстаноўцы". "У кожнай рабочай падгрупе рашэнні былі прыняты кансенсусам, дамовіліся, што супрацьстаянне ні да чаго не прыводзіць, трэба шукаць кампраміс", — сказаў Кучма.

Ён выказаў падзяку беларускаму боку за дапамогу ў арганізацыі сустрэчы. "Усім удзельнікам так спадабалася ў Мінску, што рабочыя падгрупы хочуць тут ледзь не кожны тыдзень сустракацца", — адзначыў экс-прэзідэнт Украіны.

У сваю чаргу прадстаўнік Расіі Азамат Кульмухаметаў сказаў, што сёння зроблены "сур'ёзны крок" па палітычным урэгуляванні крызісу. "Галоўнае, што гэта адбылося на аснове прамога дыялогу з прадстаўнікамі Данбаса, — лічыць ён. — Гэта дае сур'ёзныя падставы для ўрэгулявання сітуацыі". Кульмухаметаў адзначыў, што кожная рабочая група вызначыла кола сваіх першачарговых задач.

Нагадаем, у сустрэчы таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дзяйнега.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН