Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/05/11/776333_776340/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 09:10
11.05.2015 16:39 Культура

"Белгазпрамбанк" папоўніў сваю калекцыю карцінай ураджэнца Магілёва Абрама Манасзона

Мінск, 11 мая. У межах гісторыка-культуралагічнага праекта "Арт-Беларусь" "Белгазпрамбанк" папоўніў сваю калекцыю твораў мастацтва карцінай "Гульня ў карты" мастака XX стагоддзя, паслядоўніка школы Юдэля Пэна і Марка Шагала ўраджэнца Магілёва Абрама Манасзона.

Як паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі "Белгазпрамбанка", карціна, напісаная 53 гады таму, набытая ў прыватнага калекцыянера з Масквы і зараз будзе захоўвацца ў карпаратыўнай калекцыі банка.

Абрам Манасзон нарадзіўся ў 1914 годзе ў Магілёве. Скончыў Маскоўскі тэкстыльны інстытут (зараз Маскоўскі дзяржаўны тэкстыльны ўніверсітэт імя Аляксея Касыгіна) у 1941 годзе. У сваёй творчасці Манасзон часцей за ўсё звяртаўся да біблейскіх матываў, тэм Халакоста і Вялікай Айчыннай вайны, пасляваеннага жыцця ў маскоўскіх камунальных кватэрах. Нягледзячы на тое што большая частка жыцця мастака звязаная з расійскай сталіцай, ён не забываў і свой родны Магілёў, якому прысвяціў цыкл твораў "Успаміны пра мястэчка".

Манасзон пісаў у адпаведнасці з традыцыямі спецыфічнай школы жывапісу, закладзенай Юдэлем Пэнам і Маркам Шагалам, з яе спалучэннем рэальнасці і фантазіі, перапляценнем біблейскіх сюжэтаў з сучаснасцю.

У савецкім асяроддзі мастакоў для Манасзона, які не прамяняў традыцыі мастацкай школ на афіцыёзнае мастацтва, месца не знайшлося. Жывапісец атрымаў прызнанне толькі ў XXI стагоддзі. Адна з першых пасмяротных выстаў мастака прайшла ў 2009 годзе ў музеі Марка Шагала ў Віцебску.

На сёння ў карпаратыўнай калекцыі "Белгазпрамбанка" звыш 70 твораў жывапісу, графікі і скульптуры аўтарства мастакоў — ураджэнцаў Беларусі. Сярод іх: Марк Шагал, Хаім Суцін, Восіп Цадкін, Шрага Царфін, Леон Бакст, Валенцій Ваньковіч, Рыгор Глюкман, Станіслаў Жукоўскі, Леон Індэнбаум, Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень, Восіп Любіч, Аскар Мешчанінаў, Фердынанд Рушчыц, Дзмітрый Сцялецкі, Абрам Манасзон.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН