Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/05/19/778075_778081/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:21
19.05.2015 16:45 Палітыка

Сярод асноўных тэм перамоў па Украіне, што праходзяць у Мінску, — спыненне агню і тэрміновае вызваленне ўсіх заложнікаў

Мінск, 19 мая. Спыненне агню і тэрміновае вызваленне ўсіх заложнікаў — асноўныя тэмы перамоў па Украіне, што праходзяць 19 мая ў Мінску, паведамляе ў Facebook прадстаўнік украінскага прэзідэнта Ірына Герашчанка.

Цяпер, нагадаем, у Мінску праходзяць пасяджэнні рабочых падгруп па бяспецы і гуманітарных пытаннях, створаных у межах трохбаковай кантактнай групы па Украіне.

"Асноўныя тэмы: тэрмінова вызваліць усіх заложнікаў; гуманітарныя грузы, якія павінны прайсці ўсе неабходныя мытныя ўпраўленні; выкананне пагаднення аб спыненні агню. Фармат, як бы хтосьці не хацеў яго змяніць, трохбаковы і нязменны — Украіна — Расія — АБСЕ", — піша Герашчанка.

Перамовы праходзяць у комплексе "Дыпсэрвіс-Хол" і доўжацца ўжо больш за дзве гадзіны.

Рашэнне аб пачатку працы чатырох падгруп — па эканоміцы, па гуманітарных пытаннях, па палітычных пытаннях і па бяспецы — было прынята 6 мая ў Мінску на сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў фармаце Украіна — АБСЕ — Расія з удзелам прадстаўнікоў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Працу кожнай падгрупы каардынуе прадстаўнік АБСЕ.

14 мая ў мінскім "Прэзідэнт-гатэлі" прайшло першае пасяджэнне падгрупы — па эканамічных пытаннях. Па яго выніках пасол АБСЕ Томас Міраў паведаміў журналістам, што на перамовах абмяркоўваліся пытанні аднаўлення банкаўскай сістэмы ў шэрагу рэгіёнаў Данецкай і Луганскай абласцей.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН