Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/05/22/778836_778839/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:46
22.05.2015 12:02 Палітыка

На сённяшніх сустрэчах груп па Украіне ў Мінску будзе абмяркоўвацца пытанне аб правядзенні мясцовых выбараў у ДНР і ЛНР

Мінск, 22 мая. На сустрэчах трохбаковай кантактнай групы па Украіне і пасяджэнні падгрупы па палітычных пытаннях, якія пройдуць у Мінску 22 мая, будзе абмяркоўвацца ў тым ліку пытанне аб правядзенні мясцовых выбараў у самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспубліках.

Як паведаміла напярэдадні пасяджэнняў Данецкае агенцтва навін, на абмеркаванне груп будуць вынесеныя прапановы сепаратыстаў пра змяненні ў закон аб мясцовых выбарах у Данбасе. "Заблакаваны" Кіевам закон аб асаблівым статусе патрабуе неадкладнай адмены паправак ад 17 сакавіка", — цытуе агенцтва прадстаўніка ДНР Дзяніса Пушыліна.

Гаворка ідзе аб прынятым Вярхоўнай радай 17 сакавіка і падпісаным прэзідэнтам Украіны 18 сакавіка законе "Аб унясенні змянення ў артыкул 10 закона Украіны "Аб асаблівым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей".

У прэс-службе МЗС Беларусі БелаПАН пацвердзілі, што 22 мая ў Мінску плануецца правесці абодва пасяджэнні, яны пройдуць у другой палове дня. Месца сустрэчы МЗС пакуль не называе, аднак, паводле неафіцыйнай інфармацыі, абодва пасяджэнні пройдуць у "Прэзідэнт-Гатэлі": спачатку адбудзецца сустрэча падгрупы па палітычных пытаннях, затым — трохбаковай кантактнай групы (Украіна — Расія — АБСЕ) з удзелам сепаратыстаў.

Паводле наяўнай інфармацыі, прадстаўнікі ДНР і ЛНР у кантактнай групе Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дзяйнега ўжо знаходзяцца ў Мінску.

Рашэнне пра пачатак працы чатырох падгруп — па эканоміцы, па гуманітарных пытаннях, па палітычных пытаннях і па бяспецы — было прынята 6 мая ў Мінску на сустрэчы трохбаковай кантактнай групы. Працу кожнай падгрупы каардынуе прадстаўнік АБСЕ. 14 мая ў Мінску прайшла сустрэча эканамічнай падгрупы, 19 мая — падгруп па гуманітарных пытаннях і па пытаннях бяспекі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН