Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/06/01/780831_780832/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:28
01.06.2015 22:15 Палітыка

Напярэдадні чарговых перамоў у Мінску Парашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі Украіны ў трохбаковай кантактнай групе і рабочых падгрупах

Мінск, 1 чэрвеня. Напярэдадні сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па мірным урэгуляванні сітуацыі на Данбасе (Украіна — АБСЕ — Расія), якая адбудзецца 2 чэрвеня ў Мінску, Пётр Парашэнка правёў пашыраную нараду з прадстаўніком Украіны ў групе Леанідам Кучмай і ўдзельнікамі ад Украіны ў яе рабочых падгрупах. У нарадзе ўзялі ўдзел таксама кіраўнікі сілавых ведамстваў, паведаміла прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта.

Парашэнка "адзначыў неабходнасць няўхільнага выканання ўсіх пунктаў мінскіх дамоўленасцяў і важнасць больш актыўнага прыцягнення прадстаўнікоў маніторынгавай місіі АБСЕ да забеспячэння рэжыму поўнага спынення агню і кантролю за адводам цяжкага ўзбраення на ўсёй лініі судотыку".

"Асаблівую ўвагу" прэзідэнт звярнуў на неабходнасць "актывізацыі працэсу вызвалення ўкраінскіх заложнікаў, што знаходзяцца ў палоне баевікоў". "Тлумачэння адсутнасці прагрэсу ў вызваленні ўкраінскіх заложнікаў не існуе", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Сярод іншага гаворка ішла пра ўзмацненне каардынацыі з міжнароднымі арганізацыямі для палягчэння трапляння гуманітарнай дапамогі на Данбас з выкананнем усіх міжнародных працэдур і больш актыўнае прыцягненне прадстаўнікоў Міжнароднай арганізацыі Чырвонага Крыжа, Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ і Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека.

Парашэнка "адзначыў важнасць аднаўлення кантролю за ўкраінска-расійскім участкам мяжы для прадухілення трапляння на ўкраінскую тэрыторыю тэрарыстаў, зброі, наркотыкаў, кантрабанднай і кантрафактнай прадукцыі".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН