Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/06/02/780852_780857/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:16
02.06.2015 10:32 Палітыка

Падгрупа па бяспецы кантактнай групы па Украіне на сустрэчы ў Мінску плануе абмеркаваць стварэнне ў Данбасе дэмілітарызаваных зон

Мінск, 2 чэрвеня. 2 чэрвеня ў Мінску плануецца пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе з удзелам прадстаўнікоў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік, а таксама чатырох рабочых падгруп. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пасяджэнні пройдуць у "Прэзідэнт-гатэлі".

Напярэдадні Луганскі інфармацыйны цэнтр са спасылкай на прадстаўніка ЛНР у кантактнай групе Уладзіслава Дзяйнегу паведаміў, што падгрупы кантактнай групы пачнуць працаваць у 10.00, а пасяджэнне самой кантактнай групы пачнецца ў 16.00.

Як паведамляе Данецкае агенцтва навін, на сустрэчы падгрупы па бяспецы будзе абмяркоўвацца пытанне стварэння ў Данбасе дэмілітарызаваных зон. "Тое, што дэмілітарызацыя неабходная, — гэта падтрымліваем і мы. Толькі так будзе магчымасць паўнацэнна спыніць агонь", — цытуе агенцтва прадстаўніка ДНР на перамовах Дзяніса Пушыліна.

Тэматыку пасяджэння падгрупы па бяспецы пацвердзіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. У інтэрв'ю тэлеканалу "Расія-24" 29 мая ён заявіў, што ў Мінску плануецца абмеркаванне прапанаванага Расіяй плана па дэмілітарызацыі пасёлка Шырокіна, які, паводле яго слоў, "быў пададзены яшчэ месяц таму".

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 1 чэрвеня правёў пашыраную нараду з прадстаўніком Украіны ў групе Леанідам Кучмам і ўдзельнікамі ад Украіны ў яе рабочых падгрупах. Парашэнка "адзначыў неабходнасць няўхільнага выканання ўсіх пунктаў мінскіх дамоўленасцяў і важнасць больш актыўнага прыцягнення прадстаўнікоў маніторынгавай місіі АБСЕ да забеспячэння рэжыму поўнага спынення агню і кантролю за адводам цяжкага ўзбраення на ўсёй лініі сутыкнення", паведаміла прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта.

Папярэдняе пасяджэнне кантактнай групы (Украіна — АБСЕ — Расія) з запрашэннем прадстаўнікоў ДНР і ЛНР адбылося ў Мінску 22 мая. У кантактнай групе дзейнічаюць чатыры падгрупы: па бяспецы, па палітычных пытаннях, па гуманітарных пытаннях, па эканоміцы.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН