Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/06/07/781821_781822/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:07
07.06.2015 13:16 Палітыка

Спецпрадстаўнік АБСЕ ва Украіне Хайдзі Тальявіні пакідае гэтую пасаду

Мінск, 7 чэрвеня. Спецпрадстаўнік Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ва Украіне Хайдзі Тальявіні пакідае гэтую пасаду, паведамляюць швейцарскія СМІ.

"Федэральны дэпартамент замежных спраў пацвердзіў у пятніцу вечарам паведамленне інфармацыйнага агенцтва SDA, агучанае швейцарскім тэлебачаннем: Тальявіні жадае спыніць сваю дзейнасць на пасадзе спецыяльнага прадстаўніка бліжэйшым часам. Аднак прычын ці дакладнага часу адстаўкі дэпартамент не ўдакладніў", — паведамляе інтэрнэт-рэсурс srf.ch.

Грамадзянка Швейцарыі Тальявіні была прызначаная спецпрадстаўніком старшыні АБСЕ ва Украіне прыблізна год таму, у студзені 2015-га яе мандат прадоўжылі. Тальявіні прадстаўляла АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

У кантактную групу ўваходзяць па адным прадстаўніку ад Украіны, Расіі і АБСЕ. У яе працы таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік.

Паводле адной з версій, адстаўка Тальявіні звязаная са зрывам пасяджэння трохбаковай кантактнай групы ў Мінску 2 чэрвеня. У той дзень, нагадаем, у сталіцы Беларусі прайшлі пасяджэнні ўсіх чатырох рабочых падгруп, створаных у межах трохбаковай групы: па бяспецы, а таксама па палітычных, эканамічных і гуманітарных пытаннях. Па выніках іх працы планавалася сустрэча кантактнай групы, аднак пасяджэнне было перанесенае. Як заявіла Тальявіні журналістам, усе падгрупы "працавалі ў канструктыўным духу і па многіх пытаннях дасягнуты кансенсус". "Але гэта ўсё вельмі складаныя пытанні", — дадала яна.

Усе сустрэчы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне праходзяць у закрытым рэжыме, таму ў СМІ паступае мінімальная інфармацыя пра ход перамоў. Паводле неафіцыйных звестак, 2 чэрвеня ў Мінску бакі не дасягнулі кампрамісу па шэрагу прынцыпова важных пытанняў, у тым ліку — аб унясенні зменаў у Канстытуцыю Украіны і правядзенні выбараў на Данбасе. У сувязі з гэтым Тальявіні і вырашыла перанесці абмеркаванне пытанняў папярэдне на 16 чэрвеня.

Тым часам сітуацыя на паўднёвым усходзе Украіны ў апошнія дні рэзка абвастрылася. 5 чэрвеня МЗС Беларусі заявіў пра гатоўнасць арганізаваць экстранную сустрэчу трохбаковай кантактнай групы. "Нас не могуць не хваляваць парушэнні рэжыму спынення агню на паўднёвым усходзе Украіны, асабліва ў сітуацыі, калі ўжо запушчаны механізм рэгулярных прамых кансультацый, калі з'явілася надзея на знаходжанне пэўных развязак па ўсім спектры праблем, — заявіў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык. — Беларусь гатовая зрабіць усё неабходнае для таго, каб бакі змаглі знайсці рашэнне спрэчных пытанняў не на поле бою, а за сталом перамоў. Калі для гэтага спатрэбіцца ў тэрміновым парадку арганізаваць правядзенне новых сустрэч трохбаковай кантактнай групы, рабочых груп ці ў любых іншых фарматах".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН