Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/06/09/782270_782289/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 10:38
09.06.2015 14:12 Грамадства

Апошні тыдзень палітзняволены Мікалай Дзядок зноў правёў у штрафным ізалятары

Мінск, 9 чэрвеня. Апошнія сем сутак палітзняволены Мікалай Дзядок, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць), у чарговы раз правёў у штрафным ізалятары (ШІЗА), паведаміла БелаПАН яго жонка Валерыя Хоціна.

На мінулым тыдні родныя 26-гадовага Дзядка атрымалі ліст, у якім ён паведаміў, што яго перавялі з ШІЗА ў атрад і ўладкавалі на працу. Вытрымкі з ліста апублікаваныя на сайце анархічнага руху abc-belarus.org. Аднак, мяркуючы па ўсім, ліст прыйшоў са спазненнем, бо праз некалькі дзён маці Дзядка даведалася ў дэпартаменце выканання пакаранняў МУС, што 2 чэрвеня Мікалая зноў памясцілі ў штрафны ізалятар на сем сутак за адмову выйсці на працу.

"Падрабязнасцяў, чаму ён адмовіўся, як гэта было зроблена, мы не ведаем", — расказала жонка зняволенага. Паводле яе слоў, 9 чэрвеня Мікалай ужо павінен выйсці з ШІЗА.

Валерыя Хоціна таксама паведаміла, што на гэтым тыдні (як мяркуецца 10 чэрвеня) у горацкую калонію адправіцца адвакат Дзядка.

У маі 2011 года актывісты анархісцкага руху Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч і Аляксандр Францкевіч былі асуджаныя судом Заводскага раёна Мінска за злачынствы, прадугледжаныя ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) і чч. 2 і 3 арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). Ім інкрымінаваўся шэраг нападаў на будынкі і падпалы, у прыватнасці правядзенне несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Міністэрства абароны Беларусі ў 2009 годзе, закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі пасольства Расіі ў Мінску і будынка турмы на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Аднак паводле ацэнкі праваабаронцаў, падставай для прыгавору стаў удзел Дзядка ў мірнай дэманстрацыі пратэсту каля Мінабароны супраць сумесных расійска-беларускіх ваенных вучэнняў.

У лютым гэтага года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў Дзядка, які павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка, вінаватым у злосным парушэнні рэжыму і прыгаварыў яго да года і трох дзён пазбаўлення волі. Мікалая Дзядка перавялі ў горацкую калонію 12 мая, а ўжо на наступны дзень ён быў змешчаны на пяць сутак ў ШІЗА.

19 мая яго зноў памясцілі ў штрафны ізалятар, дзе ён пакутаваў ад холаду і прасіў перавесці яго ў іншую камеру, але беспаспяхова. У выніку 20 мая, каб прыцягнуць увагу дзяжурных па ШІЗА, малады чалавек нанёс сабе рэзаныя раны рук і жывата. Палітзняволенага памясцілі ў медчастку, але пасля аказання першай медыцынскай дапамогі вярнулі ў тое ж халоднае памяшканне ізалятара, дзе ён прабыў да 26 мая.

Паводле слоў жонкі, за час знаходжання ў горацкай калоніі Мікалай атрымаў увогуле чатыры спагнанні.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН