Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/06/16/783780_783781/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:00
16.06.2015 13:43 Палітыка

У Мінску праходзяць пасяджэнні трох рабочых падгруп па Украіне

Мінск, 16 чэрвеня. У мінскім "Прэзідэнт-гатэлі" пачаліся пасяджэнні трох рабочых падгруп па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны.

Сустракаюцца падгрупы па палітычных пытаннях, па гуманітарных пытаннях і па бяспецы, паведамляе ў "Твітэры" МЗС Беларусі. Перамовы традыцыйна праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме.

Чакаецца, што паводле вынікаў пасяджэнняў рабочых падгруп пачнуцца перамовы трохбаковай кантактнай групы (Украіна — АБСЕ — Расія) з удзелам прадстаўнікоў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Як паведаміла напярэдадні Дар'я Оліфер, прэс-сакратар прадстаўніка Украіны на перамовах Леаніда Кучмы, пачатак пасяджэння кантактнай групы запланаваны на 16.00.

Папярэднія перамовы па Украіне прайшлі ў Мінску 2 чэрвеня. Тады ў "Прэзідэнт-гатэлі" адбыліся пасяджэнні чатырох рабочых падгруп — па бяспецы, па палітычных, гуманітарных пытаннях і па эканоміцы. Сустрэча самой кантактнай групы, якая планавалася пасля гэтых пасяджэнняў, была перанесеная на 16 чэрвеня.

Паводле вынікаў перамоў спецпрадстаўнік АБСЕ ў кантактнай групе Хайдзі Тальявіні заявіла: "Я магу сказаць, што ўсе групы працавалі ў канструктыўным духу і ў многіх пытаннях дасягнулі кансэнсусу, аднак гэта ўсе вельмі складаныя пытанні". Шмат пытанняў планавалася абмеркаваць на пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы, "але па некаторых пытаннях было вырашана адкласці іх абмеркаванне на больш далёкі тэрмін", дадала Тальявіні.

Праз чатыры дні стала вядома, што спецпрадстаўнік АБСЕ падала ў адстаўку. Афіцыйных каментарыяў з гэтай нагоды не было. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, прычынай сыходу Тальявіні з пасады стаў тупік у перамовах па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, дзе з пачатку чэрвеня аднавіліся ўзброеныя сутыкненні.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН