Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/06/16/783802_783803/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 10:19
16.06.2015 14:46 Палітыка

Лукашэнка: Беларусь выступае за ўзмацненне ролі АБСЕ ў нармалізацыі сітуацыі ва Украіне

Мінск, 16 чэрвеня. Беларусь выступае за ўзмацненне ролі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) у нармалізацыі сітуацыі ва Украіне. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся 16 чэрвеня ў Мінску з генеральным сакратаром АБСЕ Ламберта Заньерам і дырэктарам БДІПЧ АБСЕ Міхаэлем Георгам Лінкам.

Ён нагадаў, што ў свой час Беларусь разам з іншымі партнёрамі па постсавецкай прасторы прапанавала сваё бачанне рэфармавання АБСЕ. "Але, на жаль, дагэтуль ці то вывучаюцца гэтыя прапановы, ці то блакуюцца асобнымі дзяржавамі. Але ўкраінскі крызіс якраз гаворыць аб тым, што нам не патрэбная сёння дадатковая аргументацыя, каб дамовіцца пра ўзмацненне ролі нашай арганізацыі", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Беларусь, заявіў кіраўнік дзяржавы, выступае за такое рэфармаванне АБСЕ, "якое б значна ўзмацніла яе ролю". Пры гэтым ён "зусім не хоча сказаць, што АБСЕ не іграе ніякай ролі ў нейтралізацыі сітуацыі ва Украіне". "Якраз наадварот, — падкрэсліў Лукашэнка. — Гэта адзіная арганізацыя, якая адыгрывае значную ролю ва ўрэгуляванні канфлікту і спыненні ваенных дзеянняў ва Украіне. Але факт застаецца фактам — мы б хацелі бачыць большую ўцягнутасць АБСЕ, большую ролю гэтай арганізацыі ў нармалізацыі сітуацыі ва Украіне".

Тлумачачы, чаму Беларусь зацікаўленая ў найхутчэйшым урэгуляванні сітуацыі ва Украіне, Лукашэнка заявіў: "Гэты канфлікт, гэтая вайна ўжо практычна ў нас. Гэта не дзесьці там далёка, у Лівіі, Сірыі ці Іраку, гэта ў нас. Таму мы вельмі насцярожана да гэтага ставімся і вельмі не хацелі б, каб адбылася эскалацыя канфлікту".

Адзначым, што 16 чэрвеня ў Мінску праходзяць чарговыя перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Цяпер у "Прэзідэнт-гатэлі" праходзяць пасяджэнні трох рабочых падгруп, якія дзейнічаюць у складзе трохбаковай кантактнай групы, — па бяспецы, палітычных і гуманітарных пытаннях. Плануецца, што па выніках гэтых пасяджэнняў адбудзецца сустрэча самой кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ — прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН