Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/06/17/783967_783985/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:24
17.06.2015 12:24 Палітыка

Беларусь не хоча знаходзіцца ў ізаляцы і пацярпець ад палярызацыі адносінаў паміж Захадам і Усходам, мяркуе генеральны сакратар АБСЕ

Мінск, 17 чэрвеня. Беларусь не хоча знаходзіцца ў ізаляцыі і пацярпець ад палярызацыі адносінаў паміж Захадам і Усходам. Такую думку выказаў у эксклюзіўным інтэрв'ю БелаПАН генеральны сакратар АБСЕ Ламберта Заньер, які 15—16 чэрвеня знаходзіўся з візітам у Мінску.

"Мне здаецца, што Беларусь дастаткова актыўная ў АБСЕ. Беларусь зацікаўленая, як і многія іншыя ў арганізацыі, у прасоўванні палітыкі, якая дазволіць нам пераламаць сітуацыю ўзаемнага недаверу, што ўзрастае, — сказаў Заньер. — Нам неабходна пераламаць гэты трэнд шляхам пабудовы арганізацыі на аснове агульных каштоўнасцяў і прынцыпаў, акрэсліць моманты парушэння гэтых прынцыпаў і зразумець, чаму гэта адбываецца. Так што нам неабходныя адкрытыя дэбаты, і мы спрабуем гэта абмяркоўваць. Мне здаецца, што Беларусь — адна з актыўных удзельніц такога дыялогу".

Кажучы пра ролю Мінска ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу і яе ўплыў на адносіны краіны з Захадам, Заньер зазначыў, што Беларусь зацікаўленая ў стварэнні "лепшай прасторы для самой сябе, каб быць больш збалансаванай". "Гэта азначае будаваць адносіны з усімі сваімі суседзямі, як на Усходзе, так і на Захадзе. Беларусь традыцыйна мае вельмі трывалыя сувязі з Расійскай Федэрацыяй. І мне здаецца, гэта тое, што нас насцярожвае. Але разам з тым гэта не павінна стаць прычынай ізаляцыі Беларусі ад астатняй часткі АБСЕ", — падкрэсліў Заньер.

На яго думку, падтрымліваючы працэс дээскалацыі канфлікту і пошуку мірнага вырашэння крызісу ва Украіне, Беларусь "аб'ектыўна робіць гэта і для сябе, умацоўваючы і развіваючы сувязі з усімі зацікаўленымі бакамі як на Усходзе, так і на Захадзе".

"Мне здаецца, Беларусь сапраўды заклапочаная тым, што адбываецца ва Украіне. Ваша краіна ў многім, як і Украіна, развівалася ў цеснай кааперацыі з еўразійскімі структурамі. Але разам з тым яна не хоча знаходзіцца ў ізаляцыі, пацярпець ад палярызацыі адносінаў паміж Захадам і Усходам. Беларусь хоча стварыць сваю ўласную прастору для развіцця", — зазначыў генеральны сакратар АБСЕ.

Паводле слоў Заньера, намаганні Беларусі па падтрыманні ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту высока ацэньваюцца ўсімі бакамі. "У гэты перыяд часу гэта з'яўляецца перавагай Беларусі", — дадаў ён.

Поўная версія інтэрв'ю апублікаваная ў інтэрнэт-газеце БелаПАН Naviny.by.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН