Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/06/22/784840_784841/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:25
22.06.2015 16:06 Палітыка

Пераемнік Хайдзі Тальявіні ў кантактнай групе па Украіне абяцае працаваць так, як яна

Мінск, 22 чэрвеня. Аўстрыйскі дыпламат Марцін Сайдзік, які, як чакаецца, будзе зацверджаны на пасадзе дзейнага спецпрадстаўніка старшыні АБСЕ ў кантактнай групе па Украіне замест Хайдзі Тальявіні (Швейцарыя), абяцае працягваць яе курс па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе.

"Хайдзі Тальявіні — тонкая жанчына, якая пакінула пасля сябе важкія сляды. Я буду старацца працаваць так, як яна і працягваць яе курс, таму што мы павінны працаваць на карысць людзей, якія сапраўды пакутуюць ад гэтага канфлікту", — сказаў расійскаму агенцтву Інтэрфакс Марцін Сайдзік, які знаходзіцца 22 чэрвеня ў Маскве.

Дыпламат паведаміў, што плануе сустрэцца ў Маскве з намеснікам міністра замежных спраў РФ Рыгорам Карасіным, каб абмеркаваць з ім сваю працу ў якасці спецпрадстаўніка старшыні АБСЕ ў кантактнай групе. "Я спадзяюся, што гэта будзе добрая размова", — дадаў ён.

На пытанне аб планах па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны Сайдзік адказаў: "Пра гэта яшчэ рана гаварыць, пакуль я не назначаны. Мяркую, што буду прызначаны сёння".

Марцін Сайдзік таксама паведаміў, што не збіраецца браць удзел у сустрэчы кіраўнікоў МЗС краин "нармандскай чацвёркі" ў Парыжы 23 чэрвеня. Пры гэтым ён зазначыў, што ўжо правёў сустрэчы ў Кіеве і Бялградзе — сталіцы Сербіі, якая старшынствуе ў АБСЕ.

Тым часам прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Дзяніс Пушылін заявіў журналістам, што ў ДНР і ЛНР спадзяюцца на аб'ектыўнасць новага прадстаўніка АБСЕ ў кантактнай групе па Украіне.

Чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы (Украіна — Расія — АБСЕ) чакаецца ў Мінску 23 чэрвеня. Хто будзе прадстаўляць на сустрэчы АБСЕ — Хайдзі Тальявіні або яе пераемнік — пакуль невядома. Раней меркавалася, што, нягледзячы на адстаўку, гэта будзе Тальявіні.

Аб тым, што Хайдзі Тальявіні пакінула пасаду спецпрадстаўніка АБСЕ ва Украіне, стала вядома 6 чэрвеня. Афіцыйна прычына адстаўкі не называлася. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, яна вырашыла пакінуць пасаду з-за таго, што перамовы па мірным вырашэнні канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны зайшлі ў тупік — з пачатку чэрвеня там аднавіліся ваенныя дзеянні.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН