Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/06/22/784852_784860/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:17
22.06.2015 16:40 Палітыка

Чакаецца, што на заўтрашнюю сустрэчу трохбаковай кантактнай групы па Украіне ў Мінск прыбудзе ўжо новы спецпрадстаўнік АБСЕ

Мінск, 22 чэрвеня. У пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы па Украіне, якое павінна прайсці ў Мінску 23 чэрвеня, упершыню возьме ўдзел новы прадстаўнік кіраўніка АБСЕ — аўстрыйскі дыпламат Марцін Сайдзік. Пра гэта паведаміла ў Facebook Дар'я Оліфер, прэс-сакратар экс-прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, які прадстаўляе ў кантактнай групе інтарэсы Украіны.

Оліфер таксама паведамляе, што перад пасяджэннем трохбаковай групы пройдуць сустрэчы трох рабочых падгруп — па гуманітарных, палітычных і эканамічных пытаннях.

Прызначэнне Сайдзіка на пасаду спецпрадстаўніка АБСЕ па Украіне чакаецца 22 чэрвеня — пра гэта ён сам заявіў сёння журналістам у Маскве. Сайдзік сказаў, што плануе сустрэцца ў сталіцы  Расіі з намеснікам міністра замежных спраў РФ Рыгорам Карасіным і абмеркаваць з ім сваю працу ў якасці спецпрадстаўніка старшыні АБСЕ ў кантактнай групе. "Я спадзяюся, што гэта будзе добрая размова", — сказаў ён.

Паводле слоў дыпламата, ён ужо правёў сустрэчы ў Кіеве і Бялградзе — сталіцы Сербіі, якая старшынюе ў АБСЕ.

Пра сыход Хайдзі Тальявіні з пасады спецпрадстаўніка АБСЕ ва Украіне стала вядома 6 чэрвеня. Афіцыйна прычына адстаўкі не называлася. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Тальявіні вырашыла пакінуць пасаду з-за таго, што перамовы па мірным вырашэнні канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны зайшлі ў тупік.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН