Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/06/24/785393_785395/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:06
24.06.2015 22:35 Палітыка

Былыя паплечнікі Януковіча з "Апазіцыйнага блока" патрабуюць ад украінскіх улад аднабаковага выканання мінскіх пагадненняў

Мінск, 24 чэрвеня. Былыя паплечнікі збеглага ў Расію прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча з парламенцкага "Апазіцыйнага блока" патрабуюць ад цяперашніх улад аднабаковага выканання мінскіх пагадненняў.

"Патрабаванне поўнага выканання дамоўленасцяў ад 12 лютага гэтага года было і застаецца нашай пазіцыяй, — гаворыцца ў заяве, апублікаванай 24 чэрвеня. — Вайна ідзе на нашай зямлі, з двух бакоў гінуць украінскія грамадзяне, разбураецца эканоміка краіны. Таму Апазіцыйны блок лічыць, што менавіта Кіеў павінен узяць у свае рукі ініцыятыву ў пытанні поўнага выканання мінскіх пагадненняў. У нас няма выбару: ці Украіна скончыць з вайной, ці вайна скончыць з Украінай".

Дэпутаты-апазіцыянеры падтрымалі заклік "нармандскай чацвёркі" да ўсіх бакоў канфлікту ўжо да 26 чэрвеня дамовіцца пра адвод цяжкіх узбраенняў ад лініі размежавання. "Але гэтага недастаткова. Апазіцыйны блок патрабуе ад украінскай улады незалежна ад рэалізацыі пунктаў аб спыненні агню і адводзе ўзбраенняў пачаць выкананне тых пунктаў мінскіх пагадненняў, якія Украіна можа выканаць у аднабаковым парадку", — падкрэсліваецца ў заяве.

"Заявіўшы аб прыхільнасці да поўнага выканання дамоўленасцяў ад 12 лютага, наступным захадам украінская ўлада павінна спыніць блакаду Данбаса, — лічаць былыя паплечнікі Януковіча па Партыі рэгіёнаў. — Наданне бескантрольным тэрыторыям спецыяльнага статусу і амністыя, забеспячэнне доступу гуманітарнай дапамогі і аднаўленне гандлёва-эканамічных сувязяў, аднаўленне ўсіх сацыяльных выплат на Данбасе і дэцэнтралізацыя для ўсёй Украіны пачынаючы з сённяшняга дня — гэтыя пункты мінскіх пагадненняў павінны стаяць на парадку дня ўсіх органаў улады".

"Апазіцыйны блок" заяўляе, што "за працяг блакады Данбаса і блакаванне мінскіх пагадненняў, якое кожны дзень каштуе Украіне новых чалавечых ахвяр, лідары "кааліцыі вайны" будуць несці адказнасць аж да Гаагскага трыбунала".

23 чэрвеня ў Мінску прайшло чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе. У гэты ж дзень у Парыжы сабраліся міністры замежных спраў краін "нармандскай чацвёркі" — Францыі, Германіі, Украіны і Расіі.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН