Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/07/02/786783_786798/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:50
02.07.2015 13:34 Палітыка

Чарговае пасяджэнне кантактнай групы па Украіне ў Мінску запланаванае на 7 ліпеня

Мінск, 2 ліпеня. Пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны ў фармаце Украіна — АБСЕ — Расія адбудзецца ў Мінску 7 ліпеня. Пра гэта паведамляюць украінскія СМІ са спасылкай на прадстаўніка Украіны ў рабочай падгрупе па бяспецы трохбаковай кантактнай групы Яўгена Марчука.

Паводле слоў Марчука, 7 ліпеня павінны сабрацца ўсе рабочыя падгрупы кантактнай групы: па бяспецы, па палітычных пытаннях, па эканоміцы і па гуманітарных пытаннях. Пачатак пасяджэнняў падгруп запланавана на 13.00, пасля чаго адбудзецца пасяджэнне самой кантактнай групы.

Марчук зазначыў, што анансаванае раней украінскім бокам пасяджэнне рабочай падгрупы па бяспецы 2 ліпеня не адбудзецца, паколькі "расійскі бок паведаміў, што ён пакуль не гатовая". Паводле слоў украінскага прадстаўніка ў падгрупе па бяспецы, Украіна перадала расійскаму боку дзве прапановы Генштаба: аб стварэнні зоны бяспекі ў раёне пасёлка Шырокіна і па адводзе цяжкіх узбраенняў калібрам менш як 100 мм для артылерыі, менш як 85 мм — для мінамётаў і ўсіх тыпаў танкаў.

Намеснік кіраўніка спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне Аляксандр Хуг на брыфінгу ў Кіеве 2 ліпеня пацвердзіў, што пасяджэнне падгрупы па бяспецы пераносіцца на 7 ліпеня. "Мы спадзяемся, што на гэтай сустрэчы будзе дасягнуты прагрэс у вырашэнні праблемы, якая датычыцца выканання Мінскіх дамоўленасцяў", — цытуе Хуга "Интерфакс-Украина".

Нагадаем, папярэдні раўнд перамоў па Данбасе адбыўся ў Мінску 23 чэрвеня. У гэты дзень прайшлі сустрэчы падгруп па эканоміцы, па гуманітарных і па палітычных пытаннях. Затым адбылося пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы, у ім упершыню ўзяў удзел новы прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ — аўстрыйскі дыпламат Марцін Сайдзік.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН