Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/07/07/787450_787461/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:39
07.07.2015 12:31 Палітыка

Пасяджэнне кантактнай групы па Украіне плануецца сёння ў Мінску ў 15.00, яму будуць папярэднічаць перамовы чатырох рабочых падгруп

Мінск, 7 ліпеня. Пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ пачнецца сёння ў Мінску ў 15.00, паведаміла ў "Фэйсбуку" Дар'я Оліфер, прэс-сакратар прадстаўніка Украіны на перамовах Леаніда Кучмы.

Перад пасяджэннем пройдуць перамовы ўсіх чатырох рабочых падгруп (па бяспецы, эканамічных, палітычных і гуманітарных пытаннях), а затым — сустрэча іх каардынатараў, роля якіх у кожнай падгрупе выконваюць прадстаўнікі АБСЕ.  

Паводле наяўнай інфармацыі, перамовы чатырох падгруп плануецца пачаць у 12.00. Усе сустрэчы будуць праходзіць у "Прэзідэнт-гатэлі".

Падгрупа кантактнай групы па эканоміцы плануе сёння абмеркаваць варыянты аднаўлення працы банкаўскай сістэмы ў Данбасе. Пра гэта паведамляе Данецкае агенцтва навінаў са спасылкай на прадстаўніка самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Дзяніса Пушыліна. "Ёсць канкрэтныя прапановы ў эканамічнай падгрупе — нельга аднавіць банкаўскую сістэму поўнасцю, давайце адкрыем па адным аддзяленні: у Данецку і Луганску", — заявіў ён.

Напярэдадні Пушылін паведаміў, што на сустрэчы кантактнай групы 7 ліпеня можа быць завершана абмеркаванне дакумента аб адводзе ўзбраенняў калібру меншага за 100 мм. "Шанц, што там узгадняюцца тэхнічныя дэталі, дастаткова вялікі, і тады дакумент будзе падпісаны. У абмеркаванні можа быць пастаўленая кропка", — цытуе Пушыліна агенцтва ТАСС.

Тым часам дырэктар дэпартамента сацыяльнай і гуманітарнай палітыкі Міністэрства абароны Украіны Валянцін Федзічаў 6 ліпеня заявіў, што украінскія ваенныя чакаюць ад мінскіх пагадненняў вызначэння парадку дасягнення вынікаў у пытанні спынення агню. "Гэта для нас галоўнае, таму што кожны дзень атрымліваць інфармацыю пра чарговых загінулых, пра чарговых параненых, калі вайны няма афіцыйна, — гэта вельмі-вельмі цяжка", — сказаў Федзічаў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН