Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/07/10/788191_788193/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 16:02
10.07.2015 22:30 Палітыка

Прызначаны паслом Украіны ў ЗША топ-чыноўнік адміністрацыі Парашэнкі пацвердзіў, што Захад настойвае на аднабаковым выкананні Кіевам усіх мінскіх дамоўленасцей

Мінск, 10 ліпеня. Прызначаны 10 ліпеня паслом Украіны ў ЗША намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы пацвердзіў, што Захад настойвае на аднабаковым выкананні Кіевам усіх мінскіх дамоўленасцей.

"У нас ёсць дакладнае разуменне, што без адводу тэхнікі, без закрыцця мяжы, праз якую ўся гэтая тэхніка пастаўляецца, без вызвалення заложнікаў складана ўявіць правядзенне нейкіх выбараў. І калі сітуацыя заходзіць у тупік, еўрапейскія партнёры пачынаюць, так бы мовіць, стымуляваць, каб Украіна была больш актыўнай са свайго боку ў імплементацыі мінскіх пагадненняў. Нават калі нейкія пункты не выкананы Расіяй", — заявіў Чалы ў інтэрв'ю ўкраінскаму штотыднёвіку "Зеркало недели".

"Але для нас абсалютна непрымальна, каб Украіна пайшла на ўсе палітычныя рашэнні і пры гэтым на выбарах у Данбасе стаялі людзі з аўтаматамі і "забяспечвалі" выбарчы працэс", — адзначыў пасол. Паводле яго слоў, Украіна выразна выказала свае ўмовы, якія ніякім чынам не супярэчаць мінскім дамоўленасцям: правядзенне выбараў на аснове ўкраінскага заканадаўства, у адпаведнасці з нормамі БДІПЧ АБСЕ, з допускам усіх украінскіх партый і СМІ. "Мы гатовы гэта рабіць. Таму што з Данбасам неабходна размаўляць праз людзей, якія яго прадстаўляюць. Але гэтыя людзі — не ўзброеныя баевікі, якія паказалі сваю абсалютную няздольнасць наладзіць нармальнае жыццё для людзей. Ім ваяваць выгадна. Яны на гэтым зарабляюць. Напрыклад, арганізоўваючы кантрабанду", — сказаў Чалы.

Былы топ-чыноўнік адміністрацыі Парашэнкі падкрэсліў, што ўкраінска-расійская мяжа павінна быць закрыта. "Ёсць варыянт спачатку забяспечыць кантроль з дапамогай АБСЕ, а затым аднавіць поўны кантроль ужо ўкраінскай пагранслужбай. Але гэтыя працэсы павінны ісці як мінімум паралельна. А не так, што спачатку Украіна выконвае ўсё, што ад яе патрабуюць, а потым Расія падумае, ці варта спыніць пастаўку цяжкай тэхнікі і наёмнікаў праз мяжу. Гэта непрымальна. Таму наша пазіцыя застаецца выразнай: мы з аднаго боку строга выконваем свае абавязацельствы, а з іншага — патрабуем такога ж строгага выканання мінскіх дамоўленасцей усімі іншымі бакамі", — падкрэсліў дыпламат.

Неафіцыйная інфармацыя аб тым, што Захад патрабуе ад Украіны выконваць мінскія дамоўленасці ў аднабаковым парадку, з'явілася ў чэрвені. Такое ж патрабаванне вылучылі да кіеўскіх уладаў былыя паплечнікі ўцеклага ў Расію прэзідэнта Віктара Януковіча, аб'яднаныя ў "Апазіцыйны блок". 10 ліпеня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што рэалізацыя мінскіх пагадненняў прабуксоўвае з-за нежадання Кіева наўпрост рамазмаўляць з Данбасам.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН