Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/07/10/788199_788200/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:36
10.07.2015 23:02 Палітыка

Парашэнка, Меркель і Аланд выказаліся за актывізацыю намаганняў для дасягнення поўнага спынення агню і адводу цяжкай ваеннай тэхнікі ў межах мінскіх пагадненняў

Мінск, 10 ліпеня. "Стан імплементацыі мінскіх дамоўленасцей" абмеркавалі 10 ліпеня ў ходзе тэлефоннай размовы прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, канцлер Германіі Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, паведаміла прэс-служба ўкраінскага кіраўніка. "Суразмоўцы згадзіліся, што неабходна актывізаваць намаганні для дасягнення поўнага спынення агню і адводу цяжкай ваеннай тэхнікі", — адзначаецца ў рэлізе.

Парашэнка "яшчэ раз падкрэсліў важнасць дээскалацыі вакол Шырокіна, а таксама заявіў аб неабходнасці дасягнуць дамоўленасці па адводзе ўзбраення калібрам менш чым 100 мм". Гэтыя ініцыятывы былі падтрыманы Меркель і Аландам.

Прэзідэнт Францыі і канцлер Германіі "рэкамендавалі прадоўжыць канстытуцыйную рэформу, пачатую прэзідэнтам Украіны для дэцэнтралізацыі ўлады ва Украіне, што адпавядае мінскім дамоўленасцям, з асаблівым акцэнтам на адлюстраванні ў праекце Канстытуцыі Украіны асаблівасцей самакіравання ў некаторых раёнах Данецкай і Луганскай абласцей".

Раней у гэты ж дзень прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што рэалізацыя мінскіх дамоўленасцей буксуе з-за нежадання Кіева весці прамы дыялог з Данецкам і Луганскам.

Таксама ў пятніцу апублікаваны фрагменты інтэрв'ю новага пасла Украіны ў ЗША, былога намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерыя Чалага, які пацвердзіў чуткі, што Захад спрабуе прымусіць Кіеў у аднабаковым парадку выканаць усе пункты мінскіх пагадненняў.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН