Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/07/13/788407_788411/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 16:01
13.07.2015 13:15 Палітыка

Заўтра ў Мінску плануецца пасяджэнне падгрупы па палітычных пытаннях кантактнай групы па Украіне

Мінск, 13 ліпеня. Сустрэча падгрупы па палітычных пытаннях трохбаковай кантактнай групы па Украіне адбудзецца 14 ліпеня ў Мінску, паведамляе Луганскі інфармацыйны цэнтр са спасылкай на прадстаўніка самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Уладзіслава Дзяйнегу.

Паводле яго слоў, дзве дадатковыя сустрэчы ў палітычнай падгрупе запланаваны на 14 і 28 ліпеня. "У аўторак, 14 ліпеня, ёсць надзея, што ў гэтым кірунку мы зрушымся з мёртвай кропкі і вернемся да абмеркавання мадальнасці выбараў і канстытуцыйнай рэформы", — сказаў Дзяйнега.

Ён таксама паведаміў, што найбліжэйшыя пасяджэнні кантактнай групы ў Мінску запланаваны на 21 ліпеня, 3 і 26 жніўня. Падгрупа па эканоміцы павінна сабрацца 11 жніўня.

Аб планах праводзіць сустрэчы палітычнай падгрупы штотыднёва паведаміў журналістам прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Дзяніс Пушылін 23 чэрвеня пасля пасяджэння кантактнай групы ў Мінску са спасылкай на каардынатара падгрупы ад АБСЕ П'ера Марэля. Аднак з тых пор прайшло толькі адно пасяджэнне падгрупы па палітыцы — яно адбылося 7 ліпеня паралельна з сустрэчамі астатніх падгруп кантактнай групы (па бяспецы, па эканоміцы і па гуманітарных пытаннях). Размаўляючы ў той дзень з журналістамі, спецпрадстаўнік старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Марцін Сайдзік падвёў вынікі работы ўсіх падгруп, акрамя палітычнай. А прадстаўнікі ДНР і ЛНР ад зносінаў з журналістамі тады адмовіліся.

Асноўныя палітычныя рознагалоссі паміж канфліктуючымі бакамі ў Данбасе выклікае пытанне "асаблівага статусу асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей", а таксама планы сепаратыстаў па правядзенні мясцовых вырабаў: ДНР мае намер правесці іх 18 кастрычніка, ЛНР — 1 лістапада.

З пункту гледжання прадстаўнікоў самаабвешчаных рэспублік, гэтым яны пацвярджаюць аднабаковае выкананне мінскіх пагадненняў. "Тыя дамоўленасці, якія былі падпісаны кіраўнікамі нашых рэспублік, выконваюцца толькі з нашага боку. Мы сапраўды разумеем, што трэба праводзіць выбары ў мясцовыя органы ўлады, як гэта было прапісана ў комплексе мер", — цытуе Пушыліна Данецкае агенцтва навін.

Тым часам прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка назваў правядзенне мясцовых выбараў у Данбасе атакай Расіі на мінскія дамоўленасці. "Спроба правесці 18 кастрычніка 2015 года незаконныя, не ў адпаведнасці з мінскімі дамоўленасцямі, не ў адпаведнасці з украінскім заканадаўствам і крытэрыямі АБСЕ фейкавыя выбары будзе азначаць жорсткую атаку Расійскай Федэрацыі на мінскія дамоўленасці, якія былі дасягнуты 12 лютага гэтага года", — заявіў Парашэнка 2 ліпеня ў Львове на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН