Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/07/20/789797_789798/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:42
20.07.2015 18:06 Палітыка

Чарговае пасяджэнне кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне пройдзе ў Мінску 21 ліпеня

Мінск, 20 ліпеня. Пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы (Украіна — АБСЕ — Расія) па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны адбудзецца ў Мінску 21 ліпеня, паведамляе на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" Дар'я Оліфер — прэс-сакратар украінскага прадстаўніка на перамовах Леаніда Кучмы.

Як зазначае Оліфер, пачатак пасяджэння запланаваны на 16.00, у парадак дня ўключаныя вынікі сустрэч рабочых груп па бяспецы, гуманітарных, палітычных і эканамічных пытаннях, якія таксама пройдуць заўтра.

У пасяджэнні возьме ўдзел кіраўнік АБСЕ, паведамляе прэс-сакратар Кучмы. Раней удзел у мінскіх перамовах дзейнага кіраўніка АБСЕ першага намесніка прэм'ер-міністра Сербіі Івіцы Дачыча анансавала прэс-служба арганізацыі.

Адным з асноўных пытанняў, якія плануе абмеркаваць кантактная група, будзе адвод узбраенняў калібрам меншым за 100 мм, паведаміў прадстаўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Уладзіслаў Дзяйнега. Пры гэтым сепаратысты ўжо заяўляюць пра аднабаковы адвод узбраенняў, што адбыўся 19 ліпеня. "Ёсць новыя акалічнасці, у прыватнасці аднабаковы адвод узбраенняў да 100 мм, які мы поўнасцю завяршылі. Мы спадзяемся, што наш адвод стане сур'ёзным аргументам для таго, каб паспрабаваць вярнуць Украіну ў кантэкст мірнага працэсу", — цытуе Дзяйнегу Луганскі інфармацыйны цэнтр.

Нагадаем, пытанне ад адводзе ўзбраенняў калібрам меншым за 100 мм абмяркоўвалася на папярэднім пасяджэнні кантактнай групы ў Мінску 7 ліпеня. Аднак прадстаўнік АБСЕ на перамовах Марцін Сайдзік тады заявіў журналістам: "У гэтым пытанні, спадзяемся, мы можам ужо прыняць рашэнне наступным разам".

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН