Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/07/21/789893_789895/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:04
21.07.2015 10:30 Палітыка

Макей: АБСЕ знаходзіцца ў сур'ёзным крызісе

Мінск, 21 ліпеня. "Украінскі канфлікт паказаў, што АБСЕ знаходзіцца ў сур'ёзным крызісе", — заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 21 ліпеня на сустрэчы ў Мінску з дзейным старшынёй АБСЕ кіраўніком МЗС Сербіі Івіцам Дачычам.

Макей падкрэсліў, што праблема заключаецца ў адсутнасці даверу паміж краінамі — членамі АБСЕ. "Неабходна правесці сур'ёзную дыскусію адносна будучыні АБСЕ, перафарматаванне яе структуры і дзейнасці, — лічыць кіраўнік МЗС Беларусі. — Сёння асноўным прынцыпам дзейнасці АБСЕ з'яўляецца выстаўленне нейкіх прэтэнзій і абвінавачанняў згодна з прынцыпам "я маю рацыю — ты не маеш рацыі". Наша агульная задача — дамагчыся адыходу ад гэтых узаемных абвінавачанняў і прэтэнзій і знайсці ўзаемааб'яднальныя асновы для дзейнасці АБСЕ".

У сувязі з гэтым, падкрэсліў Макей, Беларусь поўнасцю падтрымлівае прыярытэты старшынства Сербіі ў АБСЕ, скіраваныя на стварэнне адзінай прасторы бяспекі ў арганізацыі.

Макей таксама адзначыў, што падчас сённяшняй сустрэчы бакі абмяняюцца меркаваннямі не толькі па тэме працы АБСЕ, але і развіцця двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Сербіяй. "Тут усё ідзе паступальна і праблем у нас няма", — сказаў ён.

Кіраўнік АБСЕ ў сваю чаргу заявіў:" Мы высока цэнім гасціннасць Беларусі, якую яна аказала трохбаковай кантактнай групе і яе рабочым падгрупам, а таксама садзейнічанне, якое Беларусь зрабіла для вырашэння ўкраінскага крызісу".

Дачыч адзначыў, што яго візіт у Мінск арганізаваны "ў мэтах аказання падтрымкі трохбаковай кантактнай групе". "Сёння буду ўдзельнічаць у яе пасяджэнні пасля абеду, каб падтрымаць і падштурхнуць палітычны працэс", — сказаў ён.

Кажучы пра двухбаковыя адносіны з Беларуссю, кіраўнік МЗС Сербіі падкрэсліў, што яны "развіваюцца па ўзыходнай".

"Хочам пацвердзіць падтрымку працягу нашага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, — сказаў Дачыч. — Сёлета наша супрацоўніцтва працягнецца візітамі на вышэйшым узроўні. Спадзяюся, што эканамічны крызіс, які ёсць у свеце, і санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Расіі, у эканамічным сэнсе не паўплываюць сур'ёзна на нашы адносіны".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН