Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/07/21/789894_789901/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:27
21.07.2015 10:59 Палітыка

Украінскі бок выступае за стварэнне ў кантактнай групе пятай падгрупы — па пытаннях украіна-расійскай мяжы

Мінск, 21 ліпеня. Украінскі бок выступае за стварэнне ў трохбаковай кантактнай групе пятай падгрупы — па пытаннях украінска-расійскай мяжы, заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка на нарадзе напярэдадні пасяджэння кантактнай групы ў Мінску.

Як паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта, паводле меркавання Парашэнкі, дзеянні Украіны адносна дэцэнтралізацыі ўлады поўнасцю адпавядаюць мінскім дамоўленасцям. Украінскі лідар прапанаваў у працы падгрупы па палітычных пытаннях зыходзіць з таго, што далейшае выніковае абмеркаванне пытанняў арганізацыі мясцовых выбараў у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей магчымае толькі пасля таго, як будзе пададзеная выразная заява аб адмове ад намераў праводзіць "псеўдавыбары" 18 кастрычніка і 1 лістапада.

У працы падгрупы па сацыяльна-эканамічных пытаннях Парашэнка лічыць важным абмеркаванне пытання аб аднаўленні водазабеспячэння. Гаворка ідзе пра шэсць аб'ектаў: чатыры ў Данецкай і два ў Луганскай абласцях, паведамляе прэс-служба.

Прыярытэтам для падгрупы па гуманітарных пытаннях Парашэнка назваў неадкладнае вызваленне ўсіх заложнікаў, у тым ліку лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якая ўтрымліваецца ў Расіі. Прэзідэнт Украіны падкрэсліў важнасць разблакавання ўкраінскай і міжнароднай гуманітарнай дапамогі. "Уся гуманітарная дапамога павінна паступаць выключна праз кантраляваныя Украінай участкі мяжы з поўным мытным афармленнем", — сказаў Парашэнка. Ён таксама адзначыў мэтазгоднасць далучэння прадстаўнікоў вядучых міжнародных арганізацый, уключаючы Міжнародны Камітэт Чырвонага Крыжа, Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, да працы мабільных груп па кантролі гуманітарных грузаў.

Пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы пройдзе сёння ў Мінску. Чакаецца, што яно пачнецца ў 16.00. У ім запланаваны ўдзел дзейнага старшыні АБСЕ, першага намесніка прэм'ер-міністра — міністра замежных спраў Сербіі Івіцы Дачыча.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН