Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/07/26/by_media_shklow/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 11:12
26.07.2015 12:38 Аўдыё

На новым геральдычным знаку Шклова назва горада напісана толькі па-руску

У Шклове ўстанавілі новы геральдычны знак — герб горада на 11-метровай стэле. На ўрачыстым адкрыцці знака заяўлялася, што ён стане яшчэ адной пазнавальнай адметнасцю райцэнтра. Рупліўцы беларушчыны тым часам звяртаюць увагу на непаважлівае стаўленне чыноўнікаў да беларускай мовы і мясцовай гісторыі. На геральдычным знаку назва горада пададзеная толькі на рускай мове, а ў якасці даты першай летапіснай згадкі пазначаны год, калі Шклоў быў спалены маскоўскімі войскамі. Гэтак сцвярджала савецкая гістарыяграфія.

У савецкія часы лічылася, што ўпершыню Шклоў згадалі ў 1535 годзе. Горад тады быў захоплены і спалены маскоўскім ваяводам Васілём Шуйскім. Гэта дата і пазначана на пастаменце новай шклоўскай славутасці. На ўрачыстым адкрыцці знака не згадвалі, што за падзея адбылася ў Шклове ў 1535 годзе.

"Атрымліваецца парадокс, — зазначае шклоўскі краязнаўца Аляксандр Грудзіна. — Горад спалілі ў 1535 годзе, і лічыцца, што тады яго і заснавалі. Дык гэта бязглуздзіца нейкая. Гэта дата перадалася Шклову з савецкіх часоў. І дагэтуль яе выкарыстоўваюць, нібыта працягваюць жыць у Савецкім Саюзе".

Аляксандр Грудзіна кажа, што на пачатку 1990-х гадоў удзельнічаў у падрыхтоўцы раённай хроніка-дакументальнай кнігі "Памяць". Паводле яго слоў, ужо тады былі вядомыя ранейшыя даты, калі Шклоў згадвалі ў пісьмовых крыніцах. Напрыклад, 1520 год. Тады пра горад падчас свайго падарожжа ў Масковію пісаў аўстрыйскі дыпламат Сыгізмунд фон Гербэрштэйн.

Чаму вырашылі шклоўскія чыноўнікі прыняць за дату заснавання горада той год, калі ён быў спалены, Аляксандр Грудзіна патлумачыць ня можа. Аднак выказвае меркаванне, што "такі падыход сведчыць пра абыякавае стаўленне да мясцовай гісторыі тых людзей, якія прымалі рашэнне аб ўстанаўленні геральдычнага знака".

"Чыноўнікам трэба было больш адказна падысці да прыняцця рашэння адносна надпісаў на гэтым знаку", — кажа Аляксандр Грудзіна.

У Шклоўскім краязнаўчым музеі з меркаваннем краязнаўцы не пагадзіліся. Заявілі, што афіцыйнай датай заснавання горада дагэтуль лічыцца 1535 год.

«Цяпер ідзе працэс старэння горада. Так, археолагі адшукалі артэфакты, якія пацвярджаюць, што Шклоў старэйшы. Аднак афіцыйнай інфармацыі на гэты конт няма. Таму год заснавання гораду — 1535», — кажуць у музеі.

Адзінае слова на геральдычным знаку — "Шклоў" — напісана на расейскай мове. У райвыканкаме на просьбу патлумачыць, чаму няма беларускага адпаведніка, заявілі: "У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская. Таму і выбралі рускую".

Жыхара Шклова, намесніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва факт, як ён кажа, непаважлівага стаўлення шклоўскіх чыноўнікаў да беларускай мовы не здзіўляе. Паводле яго слоў, на ўездзе ў горад даўно пазнікалі надпісы на беларускай мове.

"Ужо даўно заўважыў, што на мерапрыемствах, якія ладзіць мясцовая ўлада, беларуская мова выцясняецца. Уязныя знакі рускамоўная дык стаяць усюды. Людзям, якія маюць уладу ў райвыканкаме, да лямпачкі, як гэты новы геральдычны знак будзе выглядаць: будзе ён адпавядаць гістарычным фактам ці не. Паставілі, зрабілі свята, і ўсё. Гэта сведчыць, што ў Шклове не беларуская ўлада. Адпаведна, робіцца ўсё, каб умацаваць у жыхароў прарасійскае бачанне гісторыі іх горада", — заяўляе Рыгор Кастусёў.

Партыец заўважае, што на геральдычным знаку няма згадкі пра магдэбургскі перыяд шклоўскай гісторыі, а герб, які на знаку, кажа ён, нададзены Шклову менавіта ў тыя часы.

Паводле слоў Кастусёва, ад імя нефармальнай суполкі "Шклоўскі магістрат" дасылаўся зварот да мясцовай улады з прапановай разам абмеркаваць гістарычнае значэнне Магдэбургскага права для Шклова. Чыноўнікі адпісалі, што зварот, дасланы ім, не адпавядае закону "Аб масавых мерапрыемствах".

Шклоў — адзіны горад на Магілёўшчыне, у якім за савецкім часам не разбурылі знак магдэбургскага мінулага — будынак ратушы. Калі да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, то гэты занядбаны на той час будынак адрамантавалі. Гравюра ратушы з гандлёвымі радамі на новым геральдычным знаку ёсць.

Рыгор Кастусёў не выключае, што звернецца да Аляксандра Лукашэнкі, каб абараніць ад шклоўскіх чыноўнікаў і беларушчыну, а таксама дамагчыся выпраўлення моўных і гістарычных хібаў на геральдычным знаку.

Аўдыё Алеся Асіпцова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239