Перад чарговай сустрэчай кантактнай групы ў Мінску баевікі ўзмацнілі агонь, паведамляюць украінскія ваенныя
Мінск, 2 жніўня. Перад чарговай сустрэчай кантактнай групы ў Мінску баевікі ўзмацнілі агонь, заявіў украінскі бок Сумеснага цэнтра па кантролі і каардынацыі пытанняў спынення агню і стабілізацыі на лініі размежавання бакоў, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі Украіны, Расіі, а таксама самаабвешчаных ДНР і ЛНР.
"21.00 31 ліпеня да 03.28 1 жніўня расійска-тэрарыстычныя групоўкі вялі масіраваны агонь практычна ўздоўж усёй лініі размежавання ў Данецкай і Луганскай абласцях. Пад шквальны агонь трапілі пазіцыі падраздзяленняў Узброеных сіл Украіны, а таксам навакольныя мірныя населеныя пункты прыфрантавой зоны — Аўдзееўка, Вопытнае, Пяскі, Мар'інка, Краснагораўка, Маёрск, Луганскае, Зайцава і іншыя", — цытуе тэкст заявы Сумеснага цэнтра прэс-цэнтр Антытэрарыстычнай аперацыі (АТА) на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".
Зазначаецца таксама, што большасць зваротаў аб спыненні агню баевікі ігнаравалі.
Кіраўніцтва ўкраінскага боку Сумеснага цэнтра па кантролі і каардынацыі "ацэньвае гэтую сітуацыю як чарговую спробу эскалацыі канфлікту". "Асабліва цынічным гэта выглядае на фоне чарговага раўнда Мінскіх перамоў, якія запланаваныя на 3 жніўня, і расцэньваецца як спроба сарваць гэтыя перамовы", — падкрэсліваецца ў заяве.
Такім чынам, Сумесны цэнтр пацвердзіў інфармацыю пра падрыхтоўку 3 жніўня ў Мінску пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны (Украіна — АБСЕ — Расія).
Апошні раз кантактная група збіралася ў беларускай сталіцы 21 ліпеня. Пасяджэнне праходзіла адразу пасля перамоў чатырох падгруп (па эканоміцы, бяспецы, гуманітарных і палітычных пытаннях). Бакі тады ўзгаднілі тэкст дакумента аб адводзе ўзбраенняў калібрам да 100 мм ад лініі сутыкнення на Данбасе, але падпісаны не быў.
28 ліпеня ў Мінску адбылося пасяджэнне падгрупы па палітычных пытаннях. Змест перамоў невядомы. МЗС Беларусі толькі паведаміў, што пра вынікі сустрэчы падгрупы будзе паведамлена трохбаковай кантактнай групе.