У Мінску пачаліся перамовы падгруп кантактнай групы па Украіне
Мінск, 3 жніўня. У Мінску пачаліся пасяджэнні рабочых груп трохбаковай кантактнай групы (Украіна — АБСЕ — Расія) па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведамляе ў "Твітэры" МЗС Беларусі.
Пасяджэнні ў мінскім "Прэзідэнт-гатэлі" традыцыйна праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме. Перамовам у падгрупах папярэднічала сустрэча іх каардынатараў ад АБСЕ.
Нагадаем, мінулым разам кантактная група збіралася ў Мінску 21 ліпеня, абмеркаванню папярэднічалі перамовы ўсіх чатырох падгруп (па эканоміцы, бяспецы, гуманітарных і палітычных пытаннях). Тады бакі ўзгаднілі тэкст дакумента аб адводзе ўзбраенняў калібрам да 100 мм ад лініі сутыкнення ў Данбасе, аднак падпісаны ён не быў.
28 ліпеня ў Мінску адбылося пасяджэнне падгрупы па палітычных пытаннях. Змест перамоў невядомы. МЗС Беларусі толькі паведаміла, што пра вынікі сустрэчы падгрупы будзе паведамлена трохбаковай кантактнай групе.