Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/08/10/793535_793539/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 20:29
10.08.2015 14:30 Палітыка, Грамадства

Пра збор 100 тысяч подпісаў абвясціла ініцыятыўная група яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта

Мінск, 10 жніўня. Трэцяй пра збор 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, заявіла сёння ініцыятыўная група старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) Сяргея Гайдукевіча.
Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе ЛДП, цяпер яны пачалі здаваць правераныя подпісы ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.

У склад ініцыятыўнай групы Гайдукевіча ўваходзіць 2 тысячы 393 чалавекі.

60-гадовы Сяргей Гайдукевіч удзельнічаў у прэзідэнцкіх кампаніях 2001, 2006 і 2010 гадоў. У 2001 годзе за яго, паводле даных ЦВК, прагаласавала 2,48%, у 2006-м — 3,5% выбаршчыкаў. У 2010 годзе Гайдукевіч абвясціў, што 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі яго кандыдатам у прэзідэнты, сабраны, але затым зняўся з выбараў, назваўшы іх "спектаклем, вынікі якога ўжо даўно ўсім вядомыя".

Сёння ж, некалькімі гадзінамі раней, пра збор 100 тысяч подпісаў заявіла ініцыятыўная група эканаміста Віктара Цярэшчанкі, які балатаваўся на пасаду прэзідэнта ў 2010 годзе.

Яшчэ раней патрэбную колькасць подпісаў сабрала ініцыятыўная група дзейнага кіраўніка дзяржавы. Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына 6 жніўня паведаміла, што ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі здала ў тэрытарыяльныя камісіі больш за 500 тысяч подпісаў.

Збор подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты пачаўся 23 ліпеня і падоўжыцца па 21 жніўня.

У падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзька паводле даных на 6 жніўня было сабрана прыкладна 42 тысячы подпісаў. У падтрымку старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргея Калякіна згодна з данымі на 7 жніўня — 54 тысячы. У падтрымку актывісткі кампаніі "Гавары праўду" Таццяны Караткевіч паводле даных на 8 жніўня было сабрана 75 тысяч подпісаў. Пра збор 72 тысяч подпісаў абвясціла ў канцы мінулага тыдня ініцыятыўная група старшыні Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўнага атамана РГА "Беларускае казацтва" Мікалая Улаховіча. Беспрацоўная настаўніца з Брэста Жанна Раманоўская пакуль не паведамляла пра колькасць сабраных за яе подпісаў.

Пятыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны на 11 кастрычніка.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239