Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/08/13/794112_794113/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 06:09
13.08.2015 09:26 Палітыка

Макей запэўніў Парашэнку, што з беларускай тэрыторыі не будзе ніякай пагрозы для Украіны

Мінск, 13 жніўня. З беларускай тэрыторыі не будзе ніякай пагрозы для Украіны, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 12 жніўня ў Кіеве на сустрэчы з прэзідэнтам краіны Пятром Парашэнкам.
"Украіна — наш добры сусед, з якім мы маем вялікую працягласць мяжы. Паверце, мы хочам, каб гэта была мяжа міру і згоды, а не мяжа разладу і нянавісці", — адзначыў беларускі дыпламат, словы якога прыводзіць прэс-служба ўкраінскага лідара.

Парашэнка адзначыў, што ўкраіна-беларускія адносіны "перажываюць добрыя часы". Ён выказаў падзяку Беларусі за падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама за прадастаўленне перамоўнай пляцоўкі для правядзення пасяджэнняў трохбаковай кантактнай групы і яе падгруп, скіраваных на дээскалацыю сітуацыі ў Данбасе.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў "няўхільнае выкананне Украінай мінскіх дамоўленасцяў" і паведаміў, што за апошнія дні значна ўзрасла колькасць абстрэлаў баевікамі пазіцый украінскіх ваенных. Парашэнка "звярнуў увагу на беспрэцэдэнтную атаку баевікоў на Старагнатаўку 10 жніўня з выкарыстаннем цяжкага ўзбраення, танкаў, БТРаў, а таксама пастаянныя спробы тэрарыстаў перашкодзіць працы назіральнікаў місіі АБСЕ, запалохаць яе супрацоўнікаў, каб яны не маглі выконваць свае функцыі ў раёнах, якія кантралююцца незаконнымі ўзброенымі групоўкамі". Абуральным пацвярджэннем гэтаму, заявіў Парашэнка, з'яўляецца падпал чатырох аўтамабіляў Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ў Данецку.

Са свайго боку Макей выказаў занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі ў Данбасе і парушэннем мінскіх дамоўленасцяў. Міністр падкрэсліў, што беларускі бок гатовы і ў далейшым аказваць неабходнае садзейнічанне пошуку шляхоў мірнага ўрэгулявання сітуацыі.

Суразмоўцы абмеркавалі таксама ключавыя пытанні актуальнага парадку дня двухбаковых адносін. У прыватнасці, яны ўхвалілі актывізацыю дзейнасці міжурадавай змешанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, апошняе пасяджэнне якой адбылося ў Чарнігаве 24 ліпеня.

Парашэнка і Макей "выказалі зацікаўленасць дзвюх дзяржаў у далейшым развіцці супрацоўніцтва ў энергетычнай, аграпрамысловай, машынабудаўнічай і авіяцыйных галінах". Асобная ўвага была нададзена далейшаму паглыбленню супрацоўніцтва ў транспартна-лагістычнай сферы. Кіраўнік МЗС Беларусі паведаміў пра зацікаўленасць яго краіны ў павелічэнні выкарыстання марскіх партоў Украіны.

Адбыўся таксама абмен меркаваннямі аб перспектывах развіцця ўзаемадзеяння Украіны і Беларусі ў кантэксце супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам і ўдзелу дзвюх краін у рэгіянальных інтэграцыйных працэсах, у прыватнасці ў ініцыятыве "Усходняе партнёрства".

Як гаворыцца ў паведамленні прэс-службы беларускага МЗС па выніках сустрэчы, было адзначана, што збліжэнне Украіны з ЕС і членства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе неабходна не супрацьпастаўляць, а выкарыстоўваць у інтарэсах развіцця беларуска-ўкраінскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Візіт Макея ва Украіну праходзіць з 12 па 16 жніўня.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН