Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/08/14/794499_794506/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:19
14.08.2015 17:06 Грамадства, Палітыка

У праваахоўных органах Беларусі пацвярджаюць інфармацыю аб выяўленні канала вярбоўкі грамадзян для ўдзелу ў канфлікце ва Украіне

Мінск, 14 жніўня. Праваахоўныя органы Беларусі пацвердзілі інфармацыю аб выяўленні канала вярбоўкі грамадзян для ўдзелу ў канфлікце ва Украіне.

13 жніўня беларускае тэлебачанне паведаміла, што КДБ, МУС і Дзяржпагранкамітэт раскрылі схему вярбоўкі грамадзян Беларусі для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Паведамлялася, што арганізатарам канала вярбоўкі быў украінец з пазыўным "Тарас". Вярбоўка вялася "ў асяроддзі маладых радыкалаў, уключаючы псіхічнахворых і былых крымінальнікаў, а таксама ў фанацкай супольнасці і малавядомых прафашысцкіх групоўках". Інфармацыйнае суправаджэнне аказвалі некаторыя інтэрнэт-рэсурсы, а таксама арганізацыя "Малады фронт", зарэгістраваная ў Чэхіі. Тэлеканал паведаміў, што ў Данбасе ваююць некалькі дзясяткаў грамадзян Беларусі, у асноўным у "Правым сектары", батальёнах "Данбас", "Азоў" і "Айдар".

"Усё адпавядае рэчаіснасці", — заявіў БелаПАН начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын.

"Так, гэта ёсць. Вядуцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Іх нюансы не выдаюцца. Так, канал быў раскрыты", — пацвердзіў у сваю чаргу прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта Аляксандр Цішчанка.

Ён таксама паведаміў, што некалькі дзён таму ў адным з беларускіх гарадоў бацькі 20-гадовага маладога чалавека знайшлі запіску, у якой іх сын паведамляў, што едзе на вайну. Бацькі паведамілі аб гэтым у праваахоўныя органы, і хлопца затрымалі пры перасячэнні мяжы з Украінай.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН