Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/08/20/795414_795415/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 13:09
20.08.2015 13:53 Эканоміка

Лукашэнка патрабуе "жорсткага парадку" ў сферы вытворчасці і абароту алкаголю

Мінск, 20 жніўня. На нарадзе па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі 20 жніўня кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад урада навесці жорсткі парадак у гэтай сферы.
"Навядзенне жорсткага парадку ў сферы вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі — прамы абавязак дзяржавы. Мы не павінны дапусціць, каб беларускі народ нішчылі няякаснымі падробкамі і нізкапробным кантрафактам", — цытуе Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

"Актыўная палітыка, якую прапаноўваў урад і сёння прапаноўвае, практычна знішчыла, як кажуць спецыялісты, галіну. Акцызы прывялі да павелічэння цаны і разам з кантрафактам — да зніжэння попыту на гэтую прадукцыю, а значыць — страты бюджэту, — адзначыў Лукашэнка. — Прыватныя структуры за кошт разваротлівасці і за кошт не ведаю якіх фактараў (гэта вы мне скажаце, аж да хабару і ўзаконьвання нейкага хабару і надзялення яго статусам прэмій, бонусаў і іншага) занялі прыблізна 35% рынку, пры гэтым нядобрасумленна адціскаючы дзяржаўныя структуры, у тым ліку з дапамогай сеткавых структур".

"Дыктат сетак недапушчальны, ён ужо наблізіўся да непрымальнага значэння", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама звярнуў увагу на праблему несвоечасовых разлікаў за лікёра-гарэлачныя вырабы. "Як я ўжо сказаў, выціскаюцца дзяржпрадпрыемствы. З дзяржпрадпрыемстваў за рэалізацыю лікёра-гарэлачных вырабаў патрабуюць скідкі, часам да 40% кошту, і, як я казаў, устанаўліваюць незразумелыя бонусы і прэміі для гандлёвых сетак за кошт, натуральна, вытворцы", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, кантрафактная прадукцыя з Расіі і іншых дзяржаў "задушыла краіну". "Хто перашкаджае ўраду абараніць уласны рынак?" — пацікавіўся Лукашэнка. Ён таксама паведаміў, што спецыялісты прапаноўваюць увесці жорсткую адказнасць за пастаўкі ў Беларусь кантрафактнай прадукцыі, аж да канфіскацыі транспартных сродкаў, на якіх яна пастаўляецца.

"Была пастаўленая задача — не дапускаць на ўнутраны рынак паступленні няякаснай прадукцыі, скараціць ценявы абарот алкагольных напояў. Гэта не толькі страта бюджэту, але ў першую чаргу пагроза здароўю і жыццю людзей", — заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што алкагольная прадукцыя — гэта асаблівы падакцызны тавар, абарот якога ва ўсім свеце жорстка рэгулюецца дзяржавай. "Не выключэнне і наша краіна. Мы пастаянна трымаем на кантролі гэтую тэму. Увялі манаполію дзяржавы па ўсіх гэтых пытаннях. Так гэта ці не так — гэта першае пытанне, на якое трэба адказаць дакладчыкам", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка нагадаў, што 1 ліпеня гэтага года ён прыняў указ і дэкрэт аб увядзенні дадатковых мер па ўзмацненні дзяржрэгулявання ў сферы вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі. Аднак у гэтай галіне ўсё яшчэ захоўваюцца негатыўныя тэндэнцыі: на фоне скарачэння айчыннай вытворчасці расце імпарт спіртнога і яго нелегальны абарот.

"На жаль, урад паводзіць сябе вельмі нерашуча ў прыняцці мер па абароне ўнутранага рынку. Гэта нікуды не варта", — абурыўся Лукашэнка. Ён запатрабаваў ад міністра гандлю Валянціна Чаканава праінфармаваць аб сітуацыі ў галіне, падкрэсліўшы, што менавіта яму дадзеная ўся паўната ўлады па вырашэнні гэтых пытанняў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН