Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/08/27/796997_797000/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:08
27.08.2015 17:34 Палітыка

Пётр Парашэнка: Ніякіх новых мінскіх пагадненняў не будзе

Мінск, 27 жніўня. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка выключае правядзенне ў Мінску новых перамоў на вышэйшым узроўні па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Пра гэта ён заявіў на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Еўракамісіі Жан-Клодам Юнкерам, якая адбылася 27 жніўня ў межах рабочага візіту Парашэнкі ў Бельгію.

Паводле слоў украінскага лідара, ёсць комплекс мінскіх дамоўленасцяў, якія трэба выконваць. "Хачу асобна падкрэсліць: не існуе і не будзе існаваць ніякага Мінска трэцяга. У нас існуе ўвесь комплекс мінскіх дамоўленасцяў... Іх трэба выконваць", — цытуе Парашэнку інфармагенцтва УНІАН.

Першыя мірныя дамоўленасці па Украіне былі дасягнутыя 5 верасня 2014 года падчас перамоў у Мінску кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў рэгіёне.

Другое пагадненне, якое ўяўляе сабой комплекс мер па выкананні прынятых у верасні дамоўленасцяў, было прынятае ў Мінску 11—12 лютага 2015 года на саміце лідараў краін "нармандскай чацвёркі" — Германіі, Францыі, Украіны і Расіі.

26 жніўня ў Мінску прайшлі чарговыя кансультацыі трохбаковай кантактнай групы па Украіне з удзелам прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама перамовы ўсіх чатырох падгруп — па эканамічных, палітычных, гуманітарных пытаннях і пытаннях бяспекі.

Каментуючы вынікі перамоў, спецпрадстаўнік старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік паведаміў, што падгрупа па палітычных пытаннях прадоўжыла "дыскусіі адносна закона аб асаблівым статусе і мадальнасцях правядзення мясцовых выбараў". Падгрупа па эканамічных пытаннях абмеркавала планаванне работы нямецкай экспертнай групы, якая будзе накіраваная на Данбас для вывучэння сітуацыі на двух аб'ектах водазабеспячэння (у Данецкай і Луганскай абласцях), якія забяспечваюць насельніцтва па абодва бакі ад лініі сутыкнення.

Падгрупа па пытаннях бяспекі прадоўжыла абмеркаванне пытання аб адводзе ад лініі сутыкнення ўзбраенняў калібрам менш за 100 мм і рэжыме яго верыфікацыі 27 жніўня. Пра вынікі яе работы не паведамляецца.
Анастасія Салановіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН