Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/08/28/797280_797281/
Дата раздрукоўкі: 27.05.2019 07:11
28.08.2015 18:40 Палітыка

Трохбаковая кантактная група па Украіне сустрэнецца 1 верасня ў рэжыме відэаканферэнцыі

Мінск, 28 жніўня. Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе (Украіна — АБСЕ — Расія) сустрэнецца 1 верасня ў рэжыме відэаканферэнцыі, паведаміла на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" Дар'я Оліфер — прэс-сакратар прадстаўніка Украіны на перамовах Леаніда Кучмы.

Оліфер удакладняе, што да ўдзелу запрошаныя прадстаўнікі "асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей", а таксама сумеснага цэнтра па кантролі і каардынацыі спынення агню.

"Цяпер плануецца, што падчас гэтых зносін прадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай групе Марцін Сайдзік і прадстаўнік Украіны Леанід Кучма будуць знаходзіцца ў Кіеве, прадстаўнік Расіі Азамат Кульмухаметаў — у Маскве. Галоўная задача ўдзельнікаў трохбаковай кантактнай групы — у рэжыме рэальнага часу пракантраляваць, ці сапраўды выконваюцца ўзаемныя абавязацельствы аб поўным спыненні агню", — адзначыла прэс-сакратар украінскага боку на перамовах.

Нагадаем, на сустрэчы ў Мінску 26 жніўня бакі дамовіліся аб спыненні агню ў Данбасе з 1 верасня на працягу першага вучэбнага тыдня. "Трохбаковая кантактная група лічыць важным і неабходным з улікам пачатку новага навучальнага года дабіцца ўстойлівага спынення агню на ўсёй лініі сутыкнення", — сказаў тады журналістам Сайдзік. Паводле яго слоў, бакі дамовіліся сумесна праверыць, "ці сапраўды ёсць увасабленне гэтай ініцыятывы".

"Я рады, што ўдзельнікі рабочай групы па гуманітарных пытаннях дамовіліся аб тым, што неабходна зрабіць усё магчымае для забеспячэння максімальнай бяспекі школьных устаноў, размешчаных каля лініі сутыкнення", — дадаў Сайдзік.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН