Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/08/28/by_media_oppos-pkf_vid/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 20:45
28.08.2015 19:35 Відэа, Грамадства

Уладзімір Някляеў заклікаў Таццяну Караткевіч зняцца з выбараў

Лідар стваранага грамадскага руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі" Уладзімір Някляеў не пакідае надзеі пераканаць прэтэндэнтку на пасаду прэзідэнта ад кампаніі "Гавары праўду" Таццяну Караткевіч зняцца з выбараў. Пра гэта ён заявіў 28 жніўня на сумеснай прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў апазіцыі ў Мінску.

Акрамя Някляева ў прэс-канферэнцыі ўдзельнічалі экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, які вызваліўся 22 жніўня з магілёўскай турмы, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец.

Мікалай Статкевіч: "Перш за ўсё мы ацэньваем тое, што адбываецца, як сфальсіфікаваныя выбары. Нам не трэба чакаць дня галасавання. Яны, на жаль, ужо сфальсіфікаваныя. Адбылася фальсіфікацыя не бюлетэняў, не выніковых пратаколаў, як раней, яны сфальсіфікавалі выбарчыя бюлетэні. Уключылі ў іх патрэбных людзей, якія не будуць аспрэчваць перамогу Лукашэнкі".

Анатоль Лябедзька: "Ігнараванне. За астатні час гэтую пазіцыю трэба давесці да як мага большай колькасці грамадзян і выбаршчыкаў. Відавочна, што гэтая мадэль (Лукашэнкаўска-Ярмошынская) знаходзіцца ў стадыі глыбокага крызісу, дэградацыі. І гэта засведчыла апатыя людзей. Але гэтую апатыю людзей трэба перавесці ў канкрэтныя дзеянні. Праігнараваць. Калі выбарчыя ўчасткі будуць напалову пустымі, гэта будзе вынік канкрэтна і нашай работы, для чаго мы сёння і сабраліся".

Павел Севярынец: "Зусім нядаўна рэжым зняў абмежаванні на продаж алкаголю. Беларусы, вас збіраюцца спойваць! Што рабіць? Хопіць піць! І з цвярозай галавой аб'ядноўвацца і абараняць незалежнасць і свабоду".

Уладзімір Някляеў: "У нас ёсць кандыдат ад дэмакратычнай апазіцыі. І наша задача, мы абмяркоўвалі гэта са Статкевічам, усё-такі не пакідаць гэтага кандыдата рэжыму і паспрабаваць прыцягнуць яго ў лагер дэмакратычнай апазіцыі, каб гэты кандыдат зрабіў тое, пра што я гаварыў, — зняўся з гэтых выбараў. Тады гэта будзе самы моцны крок, які толькі можна было б зрабіць. Ён ратуе апазіцыю, выцягвае яе з таго бруду, у які яна сама сябе, як самагубца, зацягвае, каб захлынуцца. Безумоўна, не толькі сама па сабе, але з дапамогай тых, хто займаецца ў спецслужбах гэтымі справамі".
Відэя Васіля Сямашкі, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН