Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/09/01/797867_797868/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:09
01.09.2015 16:15 Палітыка

Прэс-сакратар Кучмы: Бакі канфлікту ва Украіне поўнасцю выконваюць рэжым спынення агню

Мінск, 1 верасня. Бакі канфлікту ва Украіне пацвердзілі, што выконваюць рэжым спынення агню, паведамляе на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" Дар'я Оліфер — прэс-сакратар прадстаўніка Украіны на перамовах Леаніда Кучмы.

Паводле яе слоў, відэаканферэнцыя трохбаковай кантактнай групы з удзелам прадстаўнікоў самаабвешчаных ДНР і ЛНР, запланаваная на 1 верасня, завяршылася.

"Усе ўдзельнікі анлайн-сустрэчы пацвердзілі: абодва бакі поўнасцю выконваюць рэжым спынення агню. У прыватнасці, гэты факт засведчыў намеснік кіраўніка спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ Аляксандр Хуг, а таксама афіцэры з сумеснага цэнтра па кантролі і каардынацыі", — адзначыла Оліфер.

Яна паведаміла, што наступная відэаканферэнцыя кантактнай групы запланавана на 4 верасня.

Дамоўленасць аб спыненні агню ў Данбасе на працягу першага навучальнага тыдня была дасягнутая на перамовах у Мінску 26 жніўня.

"Трохбаковая кантактная група лічыць важным і неабходным, з улікам пачатку новага навучальнага года, дамагчыся ўстойлівага спынення агню на ўсёй лініі сутыкнення як практычнага кроку да выканання адпаведных палажэнняў мінскіх пагадненняў", — заявіў тады журналістам спецпрадстаўнік старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН